«Сухая» эканоміка

Год году – розніца. Гэта банальная ісціна “працуе” і ў адносінах надвор’я. І калі для сярэднестатыстычнага абывацеля дождж ці яго адсутнасць, многа сонца ці воблачнасць могуць стаць прычынай дрэннага настрою ў канкрэтны дзень-два, для аграрыяў несвоечасовасць названых прыродных з’яў можа заметна падкарэкціраваць гадавую эканоміку прадпрыемства. Можна вярнуцца на год назад, успомніць жніво і ўмовы надвор’я, што яго суправаджалі. Сонца і цеп-лыня, нібы па заказе, мала таго, што дазволілі “ўхапіць” хлеб у дастаткова сціслыя тэрміны, – істотна сэканомілі бюджэт сельгасарганізацый. Эканомія атрымалася за кошт адсутнасці неабходнасці ў паслякамбайнавай дасушцы зерня. Не сказаць, што падобны расклад насіў татальны характар, але факт – летась абсалютная большасць зерневых сушыльна-ачышчальных комплексаў гаспадарак працавала толькі на ачыстку. Тым самым былі заметна паскораны тэмпы дапрацоўкі зерня, атрымалася істотная эканомія на паліве.

Што год бягучы нам рыхтуе – не ведае ніхто. Але пры гэтым кожны аграрый “у курсе” таго, што зернесушылкі трэба заўсёды трымаць у баяздольным стане.

24 плюс 6 раўняецца 30. Формула, якая дае колькаснае ўяўленне пра зернесушыльна-ачышчальную гаспадарку нашага раёна. Па інфармацыі, атрыманай у райсельгасхарчы, на гэты час у рабочым стане знаходзяцца 22 з 24 стацыянарных сушыльна-ачышчальных комплексаў. Два працягваюць заставацца ў стадыі падрыхтоўкі. Рамантуюцца адна з дзвюх тальмінавіцкіх сушылак і адна з чатырох сушылак ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, размешчаная ў Адахаўшчыне.

Мабільныя агрэгаты для дапрацоўкі зерня па паказчыках вільготнасці і засмечанасці – з’ява для ляхавіцкіх сельгасвытворцаў яшчэ дастаткова маладая. Здаецца, ролю першай ластаўкі ў гэтай справе прымераў на сябе СВК “Ляхавіцкі”. Было тое некалькі гадоў назад, а сёння русінавіцкія хлебаробы валодаюць двума падобнага кшталту агрэгатамі. Такімі ж сродкамі вытворчасці абзавяліся СВК “Шлях новы”, райаграсэрвіс, ЗАТ “Белпрампрыбор” і ДП “Нача”. Для начаўскай мабільнай зернесушылкі сёлетні сезон стане дэбютным. Набытая год таму ТКМ-25 у рабоце летась так і не пабывала. У тым ліку і з прычыны, названай вышэй, – не было такой патрэбы. Калі ж разважаць з пазіцый неабходнасці, з набыццём перасоўнай сушылкі сушыльныя магчымасці гаспадаркі істотна палепшыліся. І абнавіліся на фоне таго, што адзін з трох стацыянарных ЗСК “родам” з 1969 года.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *