Ой рана на Івана… У Навасёлках адзначалі свята вёскі

Свята вёскі ў Навасёлках традыцыйна адзначаецца на Купалле, 7 ліпеня – у гэты дзень у 1944 годзе яе вызвалілі ад фашысцкіх захопнікаў.

Урачыстасці пачаліся богаслужэннем у царкве Іаана Прадцечы і ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым землякам і воінам Чырвонай Арміі. Потым святкаванне перамясцілася ў культурны цэнтр аграгарадка, на пляцоўку каля аздараўленчага комплексу, дзе старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук павіншаваў усіх са святам і пажадаў плённай працы, дабрабыту і здароўя.

Ці ведаюць навасёлкаўцы сваю гісторыю? Віктарына паказала, што выдатна. Асабліва вызначылася 90-гадовая Аляксандра Гарбатая, якая расказала шмат цікавага пра даўнія часы. Яна стала лаўрэатам і ў намінацыі “За адданасць роднай зямлі”. Не паспелі сціхнуць апладысменты ў яе адрас, як на сцэну падняліся ўдзельнікі намінацыі “Маладым усюды ў нас дарога” – 9 сёлетніх выпускнікоў Навасёлкаўскай СШ. Ім землякі пажадалі паспяховага паступлення і спаўнення ўсіх мар. Галоўныя героі намінацыі “Жыццё пражыць – не поле перайсці” – cямейныя пары, якія адзначылі сярэбранае вяселле – Іван і Тамара Васілеўскія, Уладзімір і Тамара Пабягайлы. Для іх былі віктарына, традыцыйнае “горка!”, марш Мендэльсона і шампанскае. Свяціліся радасцю твары сённяшніх маладажонаў: выхавальніца дзіцячага сада і механізатар “Шляху новага” Таццяна і Андрэй Арлоўскія напрыканцы чэрвеня сталі мужам і жонкай. 28 чэрвеня 2015 года на свет з’явілася самая малодшая аграгараджанка Саша Грабёнка. Прыгожыя, вясёлыя, смяшлівыя, цікаўныя лаўрэаты намінацыі “Наша радасць і надзея” – 8 будучых першаклашак, а пакуль выпускнікоў тутэйшага дзіцячага сада – спявалі, танцавалі, радавалі. Побач са сваімі выхаванцамі была нязменная на працягу вось ужо 3 дзесяцігоддзяў загадчыца першай у раёне сельскай дашкольнай установы Марыя Нячай.

Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Буйкевіч падвёў вынікі конкурсаў на лепшага гаспадара. У Год моладзі за званне “Лепшы падворак” спаборнічалі маладыя сем’і. Самымі прыгожымі, добраўпарадкаванымі і стыльнымі журы назвала сядзібы Віктара і Таццяны Булатых, Вадзіма і Наталлі Якубовічаў. Лепшымі гаспадынямі прызнаны мнагадзетная маці Таццяна Макоўская, Наталля Галавін і Людміла Шышдударга. Апошняя разам з Людмілай Баранчык адзначана і як самая таленавітая майстрыха. Іх работы і творы іншых умельцаў прадстаўлены на выставе “Рукатворныя цуды”.

Лаўрэаты ўсіх намінацый атрымалі падарункі, у іх гонар гучалі музычныя нумары.

Традыцыйна папулярная на свяце бяспройгрышная латарэя. Сёлета галоўным прызам у ёй стала паўтоны фуражнай мукі. Былі і спартыўныя спаборніцтвы, каманда тутэйшых футбалістаў-аматараў правяла матч са зборнай аграгарадка Падлессе. Весялілі навасёлкаўцаў народны клуб аматараў песні, гульні і гумару “Вечарніца”, а таксама самадзейныя артысты Конькаўскага СДК. Для ўсіх жадаючых – дыскатэка пад зорным небам. Свята ўдалося. Для гэтага пастараліся і спонсары: СВК “Шлях новы”, Навасёлкаўскі сельвыканкам, прадпрымальнікі Вячаслаў Тарлюк, Сяргей Тукай, Лілія Кумейша.

Наталля ПРАЖОГА,

дырэктар Навасёлкаўскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *