Спорту ўсе ўзросты падуладныя

Няхай сабе і не з вялікай літары, не ў сэнсе вялікіх спартыўных дасягненняў, а як момант фізічнай актыўнасці – здаровай і на добрае здароўе. Яго мы ў першую чаргу і жадаем Вользе Афанасьеўне Краўчанка – былому выкладчыку фізічнага выхавання Ляхавіцкага сельгастэхнікума і дзеючаму фізкультурніку. У студзені Вольга Афанасьеўна адзначыла важкі юбілей. Несумненна, былі «горы» віншаванняў ад былых выхаванцаў, калег, знаёмых, родных і блізкіх. Гэта прыемна і дарагога варта, аднак, не паказальна і не незвычайна. «Эксклюзіўнасць» Вольгі Краўчанка ў тым, што свой юбілей яна адзначыла ў тым ліку і лыжным ходам. Яна з ліку «снегазалежных», хто не пройдзе міма любой больш-менш маштабнай лапіны снегу. А калі і пройдзе, то каб запомніць і вярнуцца. Ужо з лыжамі, палкамі, у экіпіроўцы спартсмена і з мэтай «нарэзаць» колькі кругоў па белай цаліне. І так дзень за днём, зіму за зімой – быў бы снег.
Усе астатнія сезоны Вольга Афанасьеўна ў ролі і вобразе
«скандынаўкі» – прыхільніцы скандынаўскай хадзьбы.
Іван КАВАЛЕНКА.