Няспешныя крокі сяўбы

Фота з архіва «ЛВ»

Па шматгалосым гуле тэхнікі ў полі можна не сумнявацца – прыйшла не толькі каляндарная, але і сапраўдная вясна.
Веснавыя палявыя работы паціху набіраюць абароты. Шматгадовыя травы пасеяны ў раёне на плошчы 349 гектараў, што складае 10,6 працэнта да задання. Актыўна ўключыліся ў гэты сельскагаспадарчы працэс СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы» (тут самыя вялікія «траўныя» плошчы – 700 гектараў), «Шлях новы». А вось «Ліпнянка», «Востраў-Агра», райаграсэрвіс траву яшчэ не сеюць. Як адзначыў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук, прычыны розныя: недахоп тэхнікі, насення, кадраў і г.д.
У гаспадарках раёна прадаўжаюцца падкормка мінеральнымі ўдабрэннямі сенакосаў, пашаў, вываз і ўнясенне арганічных удабрэнняў. І, безумоўна, ідзе актыўная падрыхтоўка да сяўбы.
Што тычыцца тэхнікі, то па словах галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Міхаіла Пятроўскага, у перадавых гаспадарках – «Начы», «Жарабковічах», «Ляхавіцкім», «Белпрампрыборы» – пасяўныя агрэгаты ў поўнай гатоўнасці. Гэта ж датычыцца і механізатараў – іх у названых сельгасарганізацыях хапае. Чаго не скажаш, напрыклад, пра райаграсэрвіс. Як у гэтым сельгаспрадпрыемстве плануюць вырашаць сітуацыю? Міхаіл Пятроўскі расказаў, што пададзена заяўка ў Жыровіцкі агратэхнічны каледж, і ў хуткім часе на практыку прыйдуць некалькі маладых механізатараў. Канешне, поўнасцю выправіць сітуацыю з недахопам кадраў не атрымаецца, але пачатак зрухаў да лепшага пакладзены. А пакуль з пяці энерганасычаных трактароў за канкрэтнымі механізатарамі замацаваны толькі тры.
Істотная праблема ў райаграсэрвісе і з падрыхтоўкай тэхнікі – пры тым, што тут заўсёды была выдатная рамонтная база. Зараз адзін з энерганасычаных трактароў у рамонце, работы праводзяцца ўласнымі сіламі. Для нарыхтоўкі кармоў неабходна прывесці ў парадак 2 кормаўборачныя камбайны, на што спатрэбяцца немалыя грошы. Для ўмацавання МТП у лізінг набылі кормаўборачны камбайн КГ-6.
У рэшце рэшт знайшлі фінансы для рамонту энерганасычаных трактароў і кормаўборачных камбайнаў у «Шляху новым». Чакаюць свайго часу і касілкі, рамонт якіх абыдзецца прыблізна ў 30 тысяч рублёў.
Галіна КАНЬКО.