Высокі аграрны статус. Сваё прафесійнае свята аграрыі Ляхавіцкага раёна сустракаюць з дастойнымі вынікамі

Зноў на календары трэцяя нядзеля лістапада. І гэта значыць, што зноў прымаюць віншаванні з прафесійным святам прадстаўнікі самых розных прафесій, што працуюць у сельгаспрадпрыемствах і арганізацыях, перапрацоўчай прамысловасці АПК.
Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, у аграпрамысловым комплексе Ляхавіччыны сёння працуе каля 2500 чалавек – больш за трэць ад агульнай колькасці занятых у розных галінах эканомікі. Такая красамоўная лічба таксама пацвярджае аграрны статус нашага раёна. А наступныя яскрава сведчаць пра тое, што гэты статус ён нясе з гонарам.
Агульны намалот Ляхавіцкага раёна на жніве-2019 склаў амаль 64 тысячы тон зерня (з улікам кукурузы) – у паўтара раза больш за мінулагодні паказчык. Асаблівая нагода ганарыцца – тое, што сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па раёне дасягнула 44,5 цэнтнера з гектара. І гэта сёлета лепшыя лічбы на Брэстчыне! У іх уклад кожнага сельгаспрадпрыемства. Але, безумоўна, у першую чаргу, – нашых жніўных флагманаў: ААТ «Жарабковічы», дзе сабралі без малога 65 цэнтнераў хлеба з кожнага гектара, і СВК «Ляхавіцкі», чый паказчык 51,6 цэнтнера з гектара (дарэчы, з улікам бала ўрадлівасці зямель менавіта тут атрымалі самую шчодрую аддачу ад жніўных палеткаў).
Поспехі кожнай гаспадаркі ствараюць канкрэтныя людзі. На жніве далёка не апошнюю скрыпку «іграюць» тыя, хто кіруе камбайнам. 36 экіпажаў камбайнераў падчас гэтага жніва намалацілі больш за тысячу тон збожжа, тры экіпажы пераадолелі двухтысячную мяжу. Сярод тых, чые прозвішчы гучалі ў якасці пераможцаў абласных «Дажынак»,– і нашы землякі камбайнер Сяргей Бурак, зернесушыльшчыкі Андрэй Свінабурка і Мікалай Занько (ААТ «Жарабковічы»), вадзіцель Аляксандр Мішкевіч (ЗАТ «Белпрампрыбор»), Анатолій Герасімовіч, Леанід Юнік і Іван Рабцэвіч (экіпаж ЗСК з СВК «Ляхавіцкі»).
Ляхавіцкі раён сёлета паказаў сапраўдны майстар-клас па вырошчванні рапсу. У сярэднім на гектар у тутэйшых гаспадарках атрымалі 33 цэнтнеры алейнага насення гэтай культуры – самая высокая ўраджайнасць у Брэсцкай вобласці. А ў «Жарабковічах» яна і наогул склала 37,4 цэнтнера з гектара. Што датычыць вытворчасці рапсу на адзін бала-гектар уборачных плошчаў, то раён заняў другое месца ў абласным рэйтынгу. А ў раённым па гэтай пазіцыі лідзіруюць СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор».
Ёсць чым пахваліцца бульбаводам, тым, хто сеяў буракі і лён, нарыхтоўшчыкам кармоў. Дарэчы, жарабковіцкія працаўнікі Анатолій Петух і Юрый Дымар увайшлі ў лік пераможцаў абласнога спаборніцтва на адвозцы травяных кармоў.
Шмат добрых словаў заслугоўваюць ляхавіцкія перапрацоўшчыкі: малочны і кансервавы заводы, ільнозавод, мясакамбінат «Ляхавічы». З поўным правам могуць прымаць віншаванні са святам і перапрацоўшчыкі мясцовага райпо. Але пра ўсё, дакладней, пра ўсіх, па парадку.

Святлана БЕЛЬМАЧ.