Мінск як на далоні, ці Падарожжа ўсёй сям’ёй

Нашы дзеці растуць у тым свеце, які мы, дарослыя, для іх ствараем. Можна яго зрабіць прэсным і шэрым, а можна вясёлкавым і яркім. У кожнай сям’і ёсць свае традыцыі. Яны аб’ядноўваюць, робяць жыццё разнастайным — гэта свет дзяцінства.

Кожны год летам усёй сям’ёй адпраўляемся не на мора, а ў нашу сталіцу — Мінск. Гэтыя паездкі сталі традыцыяй. Чаму менавіта Мінск? Народная мудрасць сцвярджае: «што пасееш, тое і пажнеш». Вось я і «сею» ў душах сваіх дзяцей, у першую чаргу, любоў да Радзімы, цікавасць да родных мясцін, дабрыню і, канешне, уменне змястоўна і з карысцю адпачываць.

…Мы ў Мінску. Першая кропка нашага падарожжа — дэльфінарый на Прытыцкага, імправізаваны куточак Геленджыка.

Будынак дэльфінарыя — купал, вышыня якога 15 метраў. Праходзім праз арыгінальны ўваход і апынаемся ў царстве марскіх насельнікаў. Раней, каб на іх паглядзець, трэба было ехаць за край свету. А сёння перад намі дзіўныя жывёлы: два белыя кіты (бялухі) даўжынёй 5,5 метра і вагой каля тоны, дзве чарнаморскія афаліны (дэльфіны ) і марскі коцік. Прадстаўленне доўжылася 45 мінут, а здалося адным імгненнем. Якія ж яны разумнікі! Выконвалі разнастайныя заданні: лавілі абручы, падвешаныя над воднай роўняддзю, прыносілі мячыкі, «спявалі» на розныя галасы, дэльфіны ратавалі «пацярпелых», бялухі малявалі карціны вялікімі пэндзлямі. І, не паверыце, і бялухі, і дэльфіны прыгожа танцавалі у такт мелодыі вальса і танга. На прадстаўленні нават дарослыя адчуваюць сябе дзецьмі, што гаварыць пра малых.

Прыемна, што кожны глядач можа стаць удзельнікам гэтага дзейства. Калі ты ўмееш спяваць, танцаваць — спяшайся перамагчы ў спаборніцтве. Дзеці былі ў захапленні ад убачанага. Прымаем рашэнне яшчэ раз наведаць дэльфінарый.

Рухаемся далей. Наступны наш прыпынак парк Горкага. Гэта сапраўдная дзіцячая краіна разнастайных атракцыёнаў і забаў. На чым мы толькі ні каталіся! Мне і маёй дачушцы спадабалася кола агляду — Мінск як на далоні. Мужчыны любяць атракцыёны «з адрэналінам» — мужу і сыну даспадобы прыйшоўся «Задыяк».

Як гісторыку мне хацелася, каб мае дзеці апынуліся ў месцы, дзе «жыве» гісторыя. Мы наведалі Дом-музей І з’езда РСДРП, пазнаёміліся з тутэйшай экспазіцыяй. А яшчэ пабывалі на выставе мінералаў «Сад камянёў», даведаліся пра розныя ўласцівасці камянёў і мінералаў. Было цікава і нам, дарослым, і дзецям.

Завяршыла наша падарожжа сустрэча з дарагой і любай цётачкай Вольгай Пятроўнай. Яна больш за сорак гадоў выкладала рускую мову замежным студэнтам БДУ. Зараз на пенсіі. Які гэта цікавы, душэўны чалавек. Размова з ёю — школа жыцця. Запалі ў душу радкі з верша Канстанціна Сіманава, якія яна прачытала з нагоды:

Как я хочу придумать

средство,

Чтоб счастье было

впереди,

Чтоб хоть на час

вернуться в детство,

Догнать, спасти,

прижать к груди…

Вярталіся дадому стомленыя, але шчаслівыя і поўныя ўражанняў. Прыгадаліся словы нашага земляка Алеся Бадака: «І ўсё ж мне вельмі шкада, калі ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі…»

А Мінск кожны год здзіўляе сваёй непаўторнай архітэктурай і гасціннасцю, заўсёднай прыгажосцю, мноствам кветак і вельмі шчырымі ўсмешкамі на тварах людзей.

Некаму наша падарожжа здасца звычайным, маўляў, ці варта пра яго гаварыць. Але ж, галоўнае — гэта традыцыі, памяць, якая стварае гісторыю сям’і, памяць дзяцінства.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *