У студзені-лютым аддзел ЗАГС зарэгістраваў нараджэнне 45 малышоў у Ляхавіцкім раёне

З’яўленне дзяцей – светлая і радасная падзея. Аддзел загса райвыканкама і сельвыканкамы ў студзені-лютым зарэгістравалі ў раёне нараджэнне 45 малышоў (27 дзяўчынак і 18 хлопчыкаў), з іх 22 – гараджане. Начальнік аддзела загса Вольга Новік адзначае, што сёлетняе «папаўненне» на 18 немаўлят большае за леташняе. 
Надзвычай творча бацькі падыходзяць да выбару імён. Сярод папулярных Аляксандры, Соф’і, Веры і Алісы. Трапляюцца і рэдкія: Іларыя (радасная), Лізавета і Ева. Дзяўчынкі з такімі імёнамі зарэгістраваны ў сельскіх населеных пунктах. 
Дзмітрый, Міхаіл, Раман – так часцей называлі ў першыя зімовыя месяцы года бацькі сваіх нованароджаных сыночкаў. Імёны Мікіта і Арцём ужо трохі здаюць пазіцыі. Хлапчуковы «эксклюзіў» – Міраслаў і Арцемій.
З пачатку года бусел першы раз завітаў у 20 сем’яў нашых землякоў, у дванаццаці сямейных пар нарадзілася другое дзіця, у дзесяці – трэцяе, а ў трох – чацвёртае.
Сярэдні ўзрост мамачак складае 27 гадоў, татаў – 30. Дарэчы, статус самых маладых мам у студзені-лютым атрымалі дзве васямнаццацігадовыя зямлячкі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.