Факт-экспрэс-навіны

· Маршрутамі выхаднога дня. Гэтыя субота і нядзеля на Ляхавіччыне багатыя на разнастайныя культурныя мерапрыемствы. Сёння ў аграгарадку Востраў па-сапраўднаму святочна. Пасля капітальнага рамонту адбудзецца ўрачыстае адкрыццё цэнтра культуры і вольнага часу, а таксама свята вёскі.
У Ляхавічах ГДК запрашае моладзь на праграму «Яблычны спас».
19 жніўня Свяціца прыме ўдзельнікаў ХІ раённага свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных», а ў Рамашках пройдзе свята вёскі.
· Дапамога заўсёды дарэчы. Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык, 60 сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці і пражываюць маламаёмасныя грамадзяне, уручаны прадуктовыя наборы. Да 1 верасня гуманітарную дапамогу ў выглядзе канцтавараў атрымаюць і мнагадзетныя сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці школьнага ўзросту.
· «Паўлінка» — на свяціцкай сцэне. Як расказала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ляхавіцкай «Купалаўкі» Аляксандра Міскевіч, у праграме раённага конкурсу «Роднага слова напевы ўзнёслыя» ў Свяціцкім СДК мясцовыя самадзейныя артысты паказалі спектакль па п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» (сёлета ў п’есы — 100-гадовы юбілей, а ў яе знакамітага аўтара — 130-гадовы). Акрамя спектакля прагучаў расказ пра першых выканаўцаў галоўных роляў «Паўлінкі» і пра гістарычны шлях п’есы. А бібліятэкар Кацярына Буйкевіч прачытала верш «Паўлінка» паэткі Веры Дыдышка.
· Прапаў чалавек. Ляхавіцкім РАУС вышукваецца без вестак прапаўшая Раеўская Валянціна Яўгеньеўна. Як паведаміў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Яўгеній Пабягайла, жыхарка вёскі Свяціца, 1944 года нараджэння, раніцай 24 ліпеня 2012 года выйшла з дому ў лес па ягады і дагэтуль месцазнаходжанне яе невядома. Жанчыне на выгляд 65-70 гадоў, рост 160-165 см, хударлявага целаскладу. РАУС звяртаецца да ўсіх грамадзян, якім што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне адшукваемай, з просьбай паведаміць у міліцыю па тэлефонах: 102, 2-11-70, 2-48-37 , 8-029-822-58-09.
· ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ. Нагадваем, што ў рэдакцыі працуе «гарачая» тэлефонная лінія.
Па тэлефоне 2-12-36 з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін з панядзелка па пятніцу вы можаце задаць пытанні, якія хвалююць, расказаць пра радасныя падзеі ці падзяліцца сваімі праблемамі. Магчыма, менавіта ваша тэлефанаванне стане тэмай чарговага выступлення раёнкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *