Правільны прыклад

Фота з архіва «ЛВ»

«Будзь прыкладам свайму дзіцяці» – так называецца рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая пачалася 27 сакавіка і прадоўжыцца да 5 красавіка. Яе мэта – папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. Не сакрэт, што малыя капіруюць паводзіны дарослых. Каб выхаваць у хлопчыкаў і дзяўчынак павагу да правілаў дарожнага руху, навучанне дарожнай культуры бацькі павінны пачаць як мага раней і самім быць прыкладам. Тады пераход дарогі на зялёнае святло і толькі па зебры, наяўнасць флікера стануць для малых ладам жыцця.
Падчас акцыі супрацоўнікі АДАІ асаблівую ўвагу надаюць інфармацыйна-растлумачальнай рабоце з дарослымі: наведваюць працоўныя калектывы, нагадваюць правілы перавозкі дзяцей, прычыны і наступствы дарожнага траўматызму. Сярод важных тэм і веласіпедныя прагулкі, у тым ліку правілы карыстання двухколавым транспартам. Супрацоўнікі АДАІ дзяжураць каля ўстаноў адукацыі, расказваюць школьнікам пра дарожную бяспеку.
Сёлета на дарогах краіны загінулі тры дзіцяці, яшчэ паўсотні непаўналетніх атрымалі траўмы. Статыстыка сведчыць, што 80 працэнтаў такіх ДТЗ адбываецца па віне дарослых. У Ляхавіцкім раёне з пачатку года выяўлена 1389 парушэнняў ПДР, з якіх 77 – няправільная перавозка дзяцей. Сем вадзіцеляў селі за руль нецвярозымі, аштрафаваны 74 п’яныя пешаходы, якія стваралі на дарозе патэнцыяльную небяспеку.
Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.