Лепш больш і якасна. Такі падыход да добраўпарадкавання трэба ўзяць за аснову

Любая праблема – гэта канкрэтны адрас, дакладныя прычыны яе ўзнікнення і прапановы для вырашэння сітуацыі. Менавіта такі варыянт развіцця падзей за «працоўны» быў узяты на раённым семінары-практыкуме, які прайшоў на мінулым тыдні ў тэарэтычным і практычным фарматах для старшынь сельвыканкамаў і зацікаўленых службаў.

Практычная частка семінара ладзілася ў вёсцы Кавалі. Вуліца Южакова тут узорная.

Месячнік добраўпарадкавання запрашае ўсіх далучыцца да чыстай справы, не быць назіральнікам падзей, а падарыць райцэнтру, аграгарадку ці вёсцы часцінку свайго ўдзелу ў гэтым працоўным марафоне. І, безумоўна, забыць пра фармалізм – яго проста не можа быць у справах, што тычацца месца, дзе нарадзіўся, дзе жывуць бацькі, дзе твой дом, работа, вучоба…
Менавіта пра гэта гаварыў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі падчас тэарэтычнай часткі семінара-практыкума. Калі брацца за справы, то толькі канкрэтныя, з дакладнымі адказамі на пытанні: дзе і што зрабілі, ці дасягнулі жаданага выніку, хто адказны за той ці іншы ўчастак работы.
Кіраўнік раёна прапанаваў увагу засяродзіць на добра-ўпарадкаванні ўездза і выезда з населеных пунктаў: яны павінны гасцінна запрашаць і праводзіць гасцей.
Асобная тэма пра нежылыя, зусім не трывалыя дамы. Тут ужо пытанне не толькі да агульнага дызайну, але агульнай бяспекі.
Яшчэ гаворка ішла пра тое, што, здаецца, павінна быць вядома і зразумела кожнаму: заўсёдны парадак і чысціня на месцах баявой і воінскай славы. Гэта не толькі клопат сельвыканкамаў, кожнага вяскоўца, гараджаніна, сельгаспрадпрыемстваў, устаноў адукацыі і г.д.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса гаварыў пра алгарытм працы падчас месячніка добраўпарадкавання. Як будзе працаваць такі алгарытм, вырашылі прадэманстраваць на прыкладзе вёскі Кавалі, дзе разабралі шмат тыповых для сельскіх населеных пунктаў раёна праблем.

На ўездзе ўзводзіцца новабудоўля, і вакол, як гаворыцца, працоўная атмасфера. Але гэта атмасфера, на жаль, распаўсюдзілася на дарогу агульнага карыстання. Мірнымі шляхамі – перагаво-рамі, адзначае старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка, зрушыць сітуацыю з месца не атрымалася. Галоўны ўрач райЦГіЭ Віталій Ціханаў і начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі параілі аформіць прадпісанне, дзе галоўнае патрабаванне да ўладальнікаў – навесці парадак у двухтыднёвы тэрмін.
Праз дарогу станоўчы прыклад: прыгожая агароджа, у двары – парадак і чысціня, шмат цікавых дызайнерскіх выдумак, адразу бачна – тут жывуць дбайныя гаспадары.
Увогуле, экскурсія па Кавалях пакідае добрыя ўражанні. Дарога прагрэйдзіравана, дворыкі ўтульныя, а многія домікі пацягнуць на званне катэджаў. Вёска знаходзіцца недалёка ад горада, і зразу-мелае жаданне ляхавічан набыць тут участак пад дачу.
Заўсёдны «галаўны боль» для любога сельсаветчыка – пустуючыя дамы, гаспадары якіх жывуць у іншых гарадах Беларусі, за мяжой, даўно не аб’яўляюцца або ўвогуле адсутнічаюць. У Кавалях такіх дамоў тры. Здзівіў адзін з іх, па вуліцы Южакова: неблагая пабудова, усталяваны шклопакеты і сучасныя дзверы – напэўна былі сур’ёзныя намеры. Але тут ужо год як ніхто не жыве. Трухлявая агароджа зусім не ўпрыгожвае і без таго нярадасную карціну. Факт такога бязладдзя зафіксаваны на смартфон старшыні сельвыканкама, а агароджа больш не псуе пейзаж.
«Адзінокія» жылыя памяшканні заносяцца ў рэгістр уліку пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці, пасля іх лёс вырашае суд.
Калі дом падпадае пад дэманціраванне, за рацыянальнае выкарыстоўванне пустуючых гектараў адказвае і землеўпарадкавальная служба райвыканкама. Яе начальнік Святлана Махнач адзначае: галоўнае, каб гэтыя землі па магчымасці былі перададзены ў севазварот гаспадаркі.
Прыемна, калі вяскоўцы за парадкам сочаць не толькі ў сваім двары, але і на тэрыторыі агульнага карыстання. Сям’я Несцяровічаў з Кавалёў упэўнена: кожны двор і тое, што знаходзіцца за ўласнай агароджай, – візітоўка населенага пункта. На іх домік прыемна глядзець. Сям’я не супраць выйсці ў любы час з граблямі ці венікам, папрацаваць, каб вёсачка была прыгажэй і прывабней.
Яшчэ адна распаўсюджаная праблема – небяспечныя дрэвы. Сельвыканкам перадаў камунгасу свой план для выканання (на платнай аснове, натуральна).
У кожнага ёсць магчымасць далучыцца да красавіцкага марафону парадку, што і трэба зрабіць.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Беспарадак выпраўляецца прадпісаннем сельвыканкама гаспадарам.