Містар Ікс і яблычны мікс

Падумала, міраж ці горш таго – «дах паехаў»… Заплюшчыла вочы, зноў паглядзела, але гнілаяблычны пейзаж на з’ездзе паблізу вуліцы Працоўнай райцэнтра нікуды не знік. Тоны сартавых пладоў прайгралі ў паядынку з зімовым захоўваннем (у гэтым, дарэчы, нічога надзвычайнага няма) і ператварыліся ў адходы. Надзвычайнае ў тым, што яны не з неба зваліліся, а дастаўлены сюды нейкім канкрэтным гаспадаром. Хаця гаспадаром такога Містара Ікса называць не хочацца, таму што гаспадар сваё смецце не падкідвае, вобразна кажучы, пад чужую агароджу.
Размова пра сумленне і сумленнасць тут яўна лішняя. Ніякіх уважлівых прычын да падобнага спосабу прыбірання проста не існуе. Шкада, што не было фотапасткі, якая б запісала ў сваёй памяці дзеючую асобу гэтага тэатра абсурду. Вынайшла ж фотавока парушальніка, што выгрузіў смецце на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва. Сваю порцыю ганьбы і штраф ён атрымаў і, хочацца спадзявацца, паўтарыць падобнае не рызыкне.
Дзеля ісціны заўважым: не-не, ды «здараюцца» мяхі з чыёйсьці непатрэбшчынай пад чужымі балконамі, у чужых дварах, на абочыне вуліц. Аднак, наколькі ж «сціплыя» гэтыя карціны ў параўнанні са шматтоннай яблычнай гніллю, раскіданай далей ад вачэй людскіх… Не злоўлены – не злодзей, аднак… Памылку яшчэ можна выправіць: вярнуцца ў «нядобрае месца» на грэйдары, усё сабраць у кучу, пагрузіць у кузаў і вывезці на афіцыйны сметнік, захаваўшы пры гэтым фармальнасці, у тым ліку, заплаціўшы па тарыфе.


…Так, вясна і шпакі прыляцелі, і першацветы каралеўствуюць у агародчыках і на клумбах. І сонейка яснае ў ролі бескампраміснага сандружынніка высвятляе ўсё лішняе ў дварах, на вуліцах, вытворчых тэрыторыях. Невыпадкова штогод у красавіцкіх тэзісах сярод першачарговых пунктаў – навядзенне парадку. Хаця б элементарнага. Але з улікам знаходжання чалавецтва ў наварочана-навуковым, уздоўж і ўпоперак алічбаваным ХХІ стагоддзі, хацелася б дасканалага, вытанчанага, максімальна набліжанага да абсалютнага парадку. А ён пачынаецца з простага – з чысціні: з вокнаў без разводаў, з тратуараў без недакуркаў і шалупіння ад семачак, без пластыкавых ёмістасцяў і пакетаў, якія ганяе вецер, без зараснікаў мінулагодняга хмызняку і неахайнага слою неперапрэлага леташняга лісця пад нагамі. І, канешне, без складаванага «трэба выкінуць вясной», стыхійных сметнікаў.
Наконт стыхійнасці: яе ўтвараюць людзі. На званок у рэдакцыю абуранага земляка, маўляў, на лузе недалёка ад рэчкі – вэрхал, тлумачым: гэта зрабіў чалавек. Не маглі ж старыя боты, незразумелага паходжання анучы, тара ад фарбы ўраджайна вырасці нават на багатай сапрапелямі глебе. Усё прынесена і падкінута ўпотай жыхарамі бліжэйшага мікрараёна. Камунальнікі, безумоўна, адрэагуюць на такі сігнал, забяруць смецце і адрапартуюць, што адрас беспарадку ліквідаваны. Толькі ў даным выпадку крыўдна за службу, якая вымушана хадзіць з венікам на тэрыторыі, дзе кімсьці наўмысна ўчынена свінства.
Месячнік па навядзенні парадку – гэта зусім не фармальнасць, не абуза, а жыццёвая неабходнасць. Зробім чыста. І не толькі таму, што набліжаюцца любімыя святы. Зробім чыста, каб не толькі тэрыторыя зайграла дагледжанасцю і красавалася клопатам рук людскіх, вочы радавала, але і каб у душах нашых вясновая генеральная ліхтарык сардэчнасці і светлых памкненняў падсілкавала. Гэта заўсёды запатрабаваная і неабходная крыніца дабра і жадання дабро рабіць.
Год малой радзімы падказвае, кліча, абавязвае. Год малой радзімы можа і павінен ператварыцца ў Эру любві і міласэрнасці.
…Даўным-даўно з усіх радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў і магнітафонаў гучала прыгожая душашчыпальная песня «Яблоки на снегу». Чамусьці на з’ездзе з вуліцы Працоўнай, дзе замаскіраваны ад дарогі засохлым хмызняком гнілаяблычны мікс пакрыў зямлю, успомнілася:
Яблоки на снегу – розовое на белом.
Что же нам с ними делать, с яблоками на снегу?..

Пытанне, дарэчы, і да санітарнай, прыродаахоўнай службаў, тым больш, што хутка пацяплее і на «гнілы палігон» зляцяцца мухі.
Вольга БАРАДЗІНА.