Расказ старога сшытка. З успамінаў ветэрана

Даволі часта сустракаюся са сваёй аднакласніцай, даўно ўжо мінчанкай, Валянцінай Масейковай (Жарабцовай). Вось і на гэты раз увесь вечар успаміналі школу, наш 10 «А», расказвалі пра дзяцей-унукаў. Як звычайна, шчыра, з адчуваннем роднасці душ. І ніякія пасляшкольныя дзесяцігоддзі гэта адчуванне не зменшваюць.
Калі развітваліся, Валя прапанавала пачытаць напі-саныя ад рукі ўспаміны – не яе, а бацькавы. Многія са старэйшых землякоў памятаюць загадчыка райсабеса Сяргея Макаравіча Жарабцова. Высокі мужчына з нязменным партфелем, ён быў надзвычай добразычлівым і ўважлівым да людзей. Як галоўную каштоўнасць, цаніў мір. У яго біяграфіі была Вялікая Айчынная, страшная і бязлітасная, была партызанская барацьба, у якой ён вызначыўся мужнасцю і адвагай.
Сяргея Макаравіча даўно няма на свеце, але нібы чуецца знаёмы голас з далечыні, калі чытаю напісаныя ім радкі: «Некалькі маіх баявых эпізодаў з жыцця партызанскага атрада імя Арджанікідзэ партызанскай брыгады імя Куйбышава Пінскага злучэння, які дыслакаваўся ў Лагішынскім раёне Пінскай вобласці ў 1943-1944 гадах. Камандзірам Пінскага злучэння быў Герой Савецкага Саюза Камароў, сапраўднае прозвішча – Корж Васілій Захаравіч».
Яшчэ адна гісторыя, яшчэ адзін расказ сапраўднага чалавека пра сапраўдных патрыётаў. У многім тыповы, у нечым асаблівы… Давайце пачуем голас памяці.
Вольга БАРАДЗІНА.

Мэтай і задачай нашага атрада былі разгром фашысцкіх гарнізонаў, лікві-дацыя тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі, падрыў палатна чыгункі і варожых эшалонаў, якія ішлі да лініі фронту з нямецкімі салдатамі, афіцэрамі, боепры-пасамі, танкамі, пушкамі, папярэджанне вывазу насельніцтва на працу ў Германію.
У нас была ўстаноўка: у кожным населеным пункце мець максімум сувязных, якія дапамагалі б партызанскаму атраду ў дыверсійнай барацьбе супраць акупантаў.
Штаб партызанскага атрада імя Арджанікідзэ прызначыў мяне камандзірам дыверсійнага ўзвода. У чэрвені 1943-га мы атрымалі заданне рыхтавацца да ўзрыву палатна чыгункі. Месца аперацыі – у раёне станцыі Малькавічы ля Ганцавіч.
Выйшлі на заданне ранкам і толькі вечарам прыбылі на хутар ля вёскі Задуб’е да партызанскага сувязнога Ільі Сідарэвіча, у якога пераначавалі.
Калі падышлі блізка да чыгункі, убачылі мноства людзей: яны рамантавалі палатно. Такая ж карціна была на другім участку. Давялося чакаць позняга вечара, калі гэтыя работы спыніліся.
Партызаны дзейнічалі смела і рашуча. Уставілі ўшчыльную да рэек толавыя шашкі з капсулем, падпалілі шнур і адышлі. Пачуліся выбухі, потым нямецкая ахова чыгункі адкрыла стральбу па лесе. Але мы сваёй мэты дасягнулі: рух цягнікоў на гэтым участку быў спынены на некалькі сутак. Падчас гэтай аперацыі партызаны пашкодзілі рэйкі на цэлым кіламетры чыгункі. Камандаванне атрада аб’явіла ўсяму ўзводу падзяку.
У студзені 1944 года яшчэ адно заданне: на ўчастку чыгункі Лунінец-Ганцавічы-Баранавічы паміж станцыямі Ганцавічы і Малькавічы неабходна падбіць 10 варожых эшалонаў, якія ішлі да лініі фронту. Праз сувязных мы даведаліся пра расклад руху цягнікоў, асабліва ваенных, пра падыходы да чыгуначных шляхоў, вывучылі тутэйшую ахову, час змены варты, правядзенне рамонтных работ.
У склад дыверсійнай групы ўвайшлі пяцёра партызан. Дапамагалі нам сувязныя, якія добра ведалі мясцовы лес, усе сухія астраўкі, падыходы і адыходы. Наша група была добра ўзброена, мелі тры аўтаматы, вінтоўку-бясшумку і дзесяцізарадку, якая працавала па прынцыпе кулямёта, а ў сувязных былі нямецкія карабіны. Добра памятаю, што ў той студзеньскі вечар то дажджыла, то пачыналася моцная завіруха, якая замятала нашы сляды.
Іншы раз даводзілася чакаць па некалькі гадзін, калі пойдзе варожы цягнік.
Хаваліся ў блізкім да чыгункі кустоўі, сядзелі ціха-ціха. Бывала, што нашу групу выяўлялі і адкрывалі ўраганны агонь з варожых бунке-раў. Тады адыходзілі па-пластунску і мянялі месца засады.
За пятнаццаць дзён зна-ходжання на баявым заданні мы здзейснілі запланаванае – падбілі 10 варожых ваенных эшалонаў, з іх 5 – з жывой сілай праціўніка. А дрэннае надвор’е дапамагала ў гэтым.
Партызанскі атрад дыслакаваўся ў лесе, які злучаўся з хатыніцкім, дзе побач размяшчаўся нямецкі гарнізон у складзе 27 чалавек. Наша разведка на працягу 6 месяцаў працавала па вярбоўцы паліцэйскіх з мэтай далейшага разгро-му гэтага гарнізона. Ён размяшчаўся ў дзвюх казармах, якія знаходзіліся на адлегласці 300-400 метраў адна ад адной, з драцяной агароджай у чатыры рады і бункерамі для кулямётаў.
У студзені-лютым 1944 года Чырвоная Армія паспяхова вызваляла населеныя пункты ад фашысцкіх акупантаў. Праз нашых сувязных партызаны закідвалі лістоўкі ў нямецкі гарнізон, а таксама ў вёскі Хатынічы, Раздзялавічы, Елавая, Баркі. Мы спілоўвалі тэлеграфныя і тэлефонныя слупы па лініі ў напрамку Пінска амаль кожную ноч. У выніку фашысцкі гарнізон па 5-6 дзён заставаўся без сувязі. Восем паліцэйскіх згадзіліся аказваць дапамогу партызанам у падрыхтоўцы разгрому гарнізона, і ўжо яны завербавалі яшчэ сем паліцэйскіх.
Камандзір і камісар атрада, а таксама шасцёра партызан (у тым ліку і я) на адным з хутароў сустрэліся з гэтымі паліцэйскімі і ўдакладнілі наяўнасць зброі ў фашыстаў, іх настрой, рух па шашы з Пінска ў Ганцавічы і іншыя акалічнасці. Распрацавалі падрабязны план аперацыі.
У каравуле 23 лютага 1944 года павінны былі стаяць паліцэйскія, якія мелі сувязь з партызанамі. Добра памятаю той вечар. Наш атрад быў падняты па баявой трывозе. У 23.00 выйшлі з месца стаянкі, каб пачаць наступленне ў шэсць гадзін раніцы. Ударылі адразу па абедзвюх казармах. Усіх ворагаў узялі ў палон і даставілі ў атрад. Страт з боку партызан не было.
21-22 чэрвеня 1944 года па загадзе Беларускага штаба партызанскага руху атрады Пінскага злучэння выйшлі на чыгуначныя магістралі, каб правесці трэці, заключны, этап рэйкавай вайны на ўчастку чыгункі ад Лунінца да Баранавіч. Наш атрад дзейнічаў ля станцыі Лунін. Памятаю, што подступы да чыгуначнага палатна былі складаныя, мясцовасць адкрытая, добра праглядалася і прастрэльвалася, і што было шмат вады. У рэчмяшках за спіной мы неслі шашкі, капсулі і шнуры, каб не замачыць іх.
У тыя дні Пінскае злучэнне падарвала 4912 рэек на чыгуначных шляхах Пінск-Гомель і Лунінец-Баранавічы, з іх 490 рэек – наш атрад. Рух цягнікоў быў поўнасцю спынены.
Мы атрымалі заданне не прапусціць ніводнага фашыста на Багданаўку. Аперацыяй камандаваў камісар Ніколенка. Мы з ёю справіліся. Былі забіты, паранены і ўзяты ў палон звыш 30 фашыстаў і ўласаўцаў. На Багданаўку іх мы не пусцілі.
Наш атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі ў горадзе Ляхавічы.

Сяргей ЖАРАБЦОЎ, былы камандзір дыверсійнага ўзвода партызанскага атрада
імя Арджанікідзэ брыгады імя Куйбышава.

P.S. Сяргей Макаравіч меў ваенныя і працоўныя ўзнагароды. Самым дарагім для яго быў ордэн Чырвонай Зоркі.