Плюс дваццаць. Першыя месяцы года б’юць рэкорд па нараджальнасці

Прывітанне, я нарадзіўся! Першыя месяцы года б’юць рэкорд па нараджальнасці

Cёлета ў 77 сем’яў ляхавічан прыляцеў бусел – у іх нарадзіліся дачушкі і сыночкі. І гэта аптымістычны плюс: за 4 месяцы года на свет з’явілася на 20 хлопчыкаў і дзяўчынак больш, чым за такі ж час летась. 30 бацькоў сталі мамамі і татамі другі раз, 13 сем’яў атрымалі статус мнагадзетных – у іх нарадзілася трэцяе дзіця, у чатырох сем’ях – чацвёртае і ў адной – пятае. Як адзначае начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік, такога істотнага папаўнення не адзначалася даўно.
Дэмаграфічны бум? Чаму б і не! Дзяржаўны клопат пра сем’і дастаткова важкі. Істотная дапамога аказваецца пры нараджэнні дзяцей, мнагадзетныя маюць права на сямейны капітал і іншыя льготы.
І яшчэ цікавая інфармацыя для сем’яў, у якіх сёлета адбылося папаўненне.

Аддзел загса да Міжнароднага дня абароны дзяцей аб’явіў фотаконкурс пад назвай «Прывітанне, я нарадзіўся!». Каб стаць яго ўдзельнікам і прэтэндаваць на перамогу, дастаткова адправіць у аддзел загса фотаздымак свайго малыша, які з’явіўся на свет сёлета.

Жыццё пражыць – не поле перайсці. А калі паўстагоддзя разам, ды яшчэ ў каханні і згодзе – гэта прыклад маладым парам, якія робяць першыя крокі на сямейным шляху. 29 сакавіка 1969 года ўзялі шлюб ляхавічане Людміла і Аркадзій Сакуны. Разам яны 50 гадоў. Сваіх бацькоў, бабулю і дзядулю цёпла і шчыра віталі дзеці і ўнукі.
У два разы меншы сямейны стаж сярэбраных юбіляраў Святланы і Васілія Селяйковічаў з аграгарадка Жарабковічы. Для іх асаблівы дзень
8 мая 1994 года – з гэтай даты яны ідуць па жыцці разам. Як і іх равеснікі па сумесным жыцці ляхавічане Ала і Валерый Мацкевічы, якія адзначылі чвэрць стагоддзя сямейнага жыцця ўчора.

Галіна КАНЬКО.