У шчасця планаў шмат. Так гавораць у шматдзетнай сям’і ляхавічан Шчарбаковых-Плескацэвічаў. 15 мая — Дзень сям’і

Нечаканым гасцям з раёнкі яны абрадаваліся і пагадзіліся расказаць-паказаць, як жывецца сям’і, дзе мама і жонка не проста самая абаяльная, надзейная, пяшчотная, а яшчэ і ардэнаносная.
Знайсці іх утульны дом па вуліцы Спартыўнай дапамог карэспандэнту «ЛВ» старэйшы з малодшых мужчын Плескацэвічаў – дзевяцігадовы Данік. Сур’ёзны, разважлівы, па дарозе са школы ён расказваў пра сваіх бацькоў, сястрычак і браціка, хто чым любіць займацца, хто адказны за які фронт работы, нават пра рамонт пагаварылі. Пра сябе ж сказаў «сціпла»: самы галоўны мамін памочнік, неверагодна любіць матэматыку і англійскую мову, а яшчэ марыць стаць ваенным.

Заўважыла цікавую акалічнасць: у дамах са шматдзетным шчасцем заўсёды прасторна, нават крыху пуставата для непадрыхтаванага чалавека. Але калі дамачадцы адкладваюць усе справы ў бок і збіраюцца разам, напрыклад, у кухні, пра пустату можна забыць.
Марына, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем, кожны дзень пачынае з планавання:
– Калі ў цябе гучная, спартыўная, надзвычай зацікаўленая пяцёрка, мама заўсёды на крок наперадзе. Паспець усіх разбудзіць, накарміць, каго на першую змену адправіць у школу, а хто вучыцца ў другую, пасля харэаграфія, трэніроўка (у кожнага свая), «вайна» – робім урокі, і як жа без гульні ў любімую манаполію.
А яшчэ яны з мужам Юрыем трымаюць сваю гаспадарку, хапае клопатаў і на агародных сотках. Да ўсяго гэтага распачалі рамонт. За якую справу ні бяруцца – усё атрымліваецца гарманічна. Здаецца, у іх сутках намнога больш гадзін, чым звычайна – усё паспяваюць.
А Марына Шчарбакова дадае, што ў яе і на сябе часу хапае. Магчыма, у дзецях, безлічы спраў, надзейнай мужавай падтрымцы і ёсць сакрэт яе абаяльнасці і маладосці.
Пытаюся, як гэта – быць шматдзетнай мамай? У адказ чую:
– Нешта неверагоднае, жыць і ведаць, што ёсць пяцёра сонейкаў, для якіх і дзеля якіх ты прачынаешся кожную раніцу. А яшчэ заўсёднае хваляванне.
У сям’і, дзе выхоўваюцца трое дзюдаістаў, пра спакой можна забыць. Ардэнаносная мама прызнаецца:
– «Хварэю» кожную трэніроўку, а што казаць пра спаборніцтвы. Не магу нічым займацца, пакуль мае любімыя спартсмены не адзвоняцца. Чую ў трубцы «Мама, у мяне перамога!» – і на сэрцы лёгка.
Вось і цяпер ёсць нагода для віншаванняў. У турніры па дзюдо «Ляхавіцкі волат» дочкі Ульяна і Аляксандра сябе паказалі – у іх скарбонцы залаты і бронзавы медалі.
Пятнаццацігадовая Ульяна, як гаворыцца, уся ў спорце. Яе дзень распісаны па хвілінах: спачатку школьныя паўдня, пасля – любімая актыўна-спартыўная палова. Марыць, што захапленне стане прафесійным заняткам.
Раўненне на сястрычку ўзяла за курс малодшая Сашка. І запісалася на спартыўную секцыю па дзюдо. У свае трынаццаць яна з лёгкасцю паспявае разабрацца са школьнымі прадметамі, адтанчыць на харэаграфіі ў школе мастацтваў (дарэчы, у наступным годзе выпускны), яшчэ і трэніроўкі дабавіліся.
Самы маленькі энерджайзер у сям’і – двухгадовы Ромка. Марына Шчарбакова гаворыць, што яго гіперактыўнасць – лепшы фітнес-трэнажор. Без Ромкі нікуды – з мамай дома, у агародзе, у садзе. А яшчэ яна ўпэўнена, што сын стане медыкам. Невыпадкова ж нарадзіўся ў прафесійнае свята людзей у белых халатах. Марына жартуе: ён і сёння лечыць усіх дамачадцаў ад сумнага настрою. Пару хвілін з Ромкай – і зарад бадзёрасці забяспечаны.
Пра складанасці гаворыць проста, паціскае плячыма:
– Нялёгка, але шчасліва. У мяне не толькі складанасцяў больш – у некалькі разоў больш «добрай раніцы, мама!», «мама, я дома», «мама, я цябе люблю», больш абдымкаў, пацалункаў. Гляджу на іх і разумею, што хачу дзеля іх працаваць, дзеля іх жыць, я хачу быць побач кожную секундачку, радавацца кожнаму іх дасягненню. І падтрымаць, калі штосьці не атрымалася.
У сям’і Шчарбаковых-Плескацэвічаў асабліва любяць выхадныя. Не толькі таму, што раніца пачынаецца не так рана, – з вучобы прыязджае старэйшая Насця. Выпускніца педагагічнага каледжа хутка пачне працаваць у адной са сталічных школ – будзе выкладаць працоўнае навучанне і чарчэнне.
Калі даведаліся пра маміну ўзнагароду, канешне, радаваліся ўсе. Але прызналіся, з ордэнам ці не, мама самы надзейны, любімы супергерой іх жыцця.

«ЛВ» пра гэту неверагодную жанчыну пісаў неаднойчы: і як пра шматдзетную маму, і як пра адказнага, вопытнага работніка льнозавода. Некалькі месяцаў назад у асяроддзі калег па «шматдзетным шчасці» ўпрыгожыла першую газетную паласу.
– Ніколі не ведаеш, што стане прычынай твайго шчасця, – работа, хобі, сям’я ці яшчэ што-небудзь. Мая прычына – штодзённы, галасісты, здаровенькі квінтэт. Мара відавочная: хачу, каб мае дзеткі знайшлі сваю дарогу, сваю прычыну адчуваць жыццё і быць шчаслівымі, – гаворыць Марына Шчарбакова.
Маргарыта КУХТА. Фота аўтара.