«Дзень добры, Ірына Антонаўна!». 19 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень піянерскай дружбы

Яна і сёння для многіх сваіх выхаванцаў, якія даўно сталі дарослымі, застаецца педагогам  і нават старшым піянерскім важатым

19 мая – Дзень піянерскага сяброўства – для ляхавічанкі Ірыны Піскун –
светлая старонка педагагічнай біяграфіі, напоўненая цікавымі падзеямі. Каля дзесяці гадоў яна была старэйшым сябрам у школьнікаў з Вошкаўцаў, Падлесся, а затым СШ №1.
«Взвейтесь кострами синие ночи…» спявала яна разам з рабятамі на піянерскіх зборах, урачыстых лінейках, у паходах і г.д.
Атрады СШ № 1, успамінае Ірына Антонаўна, на раённых конкурсах заўсёды былі сярод лепшых. Пра піянерскую дружыну СШ № 1
імя Уладзіміра Леніна ў 1963 годзе напісала «Настаўніцкая газета». Актыўную і энергічную старшую піянерважатую выбралі дэлегатам XXII з’езда камсамола Беларусі. І праз гады многія нашы землякі з настальгіяй узгадваюць сваё цікавае піянерскае дзяцінства, у якім немалую ролю адыграла адметная і творчая Ірына Антонаўна.

Паважаная Ірына Антонаўна… – так шаноўна-сардэчна пачынаюцца шматлікія віншавальныя паштоўкі, адрасаваныя Ірыне Піскун. Прыходзяць гэтыя прывітанні: з Гомеля, Брэста, Мінска, іншых гарадоў і вёсак. І гэта не дзіўна. Шмат гадоў Ірына Антонаўна працавала педагогам і выхавала не адно пакаленне школьнікаў.

Нераўнадушнаму стаўленню да жыцця не перашкаджаюць ні другая група інваліднасці па зроку, ні дрэнны слых (даводзіцца карыстацца слыхавым апаратам), ні іншыя кропкі болю. З імі яна ўпарта змагаецца, не апускае бездапаможна рукі. Каб убачыць старонкі любімай раёнкі, яна «дапамагае» акулярам уключаным ліхтарыкам. Дарэчы, летась раёнка ўзнагародзіла свайго вернага сябра дыпломам «Самы добразычлівы і ўважлівы чытач «Ляхавіцкага весніка». Ні адзін праект, ні адна адзнака газеты не застаюцца незаўважанымі: абавязкова патэлефануе з віншаваннямі.
Калі карэспандэнт «ЛВ» завітаў у госці да Ірыны Піскун, яна збіралася абедаць. Побач завіхалася сяброўка і памочніца ў адной асобе Зоя Хмарык. У памочніках у сваёй падапечнай яна з 11 да 15 гадзін. Зоя Іванаўна строга сочыць, каб у час былі прыняты лякарствы, акуратна раскладзеныя рознакаляровымі «гузікамі» ў спецыяльнай скрынцы. Яшчэ нядаўна Ірына Піскун была прыкавана да ложка з-за складанага пералому. Вучылася нанова садзіцца, хадзіць з дапамогай хадункоў. Спачатку не давярала гэтаму абсталяванню, але неўзабаве прывыкла. Канешне, гэта не колішнія прагулкі і паездкі на экскурсіі – іх было безліч. Але той, хто пабываў у сітуацыі, калі вуліцу, любімую бярозку бачыш толькі з ложка, зразумее сённяшнія пазітыўныя змяненні ў жыцці Ірыны Антонаўны.
Раніца ў доме па вуліцы Мінскай пачынаецца з пажадання здароўя і добрага дня: перад работай сын Ігар штодзень прывозіць маці гарачы сняданак, коле інсулін, мерае артэрыяльны ціск і г.д. У пакоі кожная рэч на сваім месцы, нават мэбля прыстасавана дзеля зручнасці мамы. Сын і нявестка Наталля – не толькі самыя блізкія людзі, але і прафесійная хуткая дапамога: абодва медыкі.
Ірына Антонаўна адна амаль не застаецца. Акрамя родных людзей, у яе шмат сяброў і знаёмых. З асаблівай цеплынёй называе Марыю Махнавец, Ганну Калбаса, Святлану Куркач, Антаніну Бурвель, Ядвігу Сімончык. У бальніцы пазнаёмілася і пасябравала з Сафіяй Высоцкай.
Кожныя 8 Сакавіка, Дзень настаўніка ў паважанага педагога-ветэрана ў гасцях з кветкамі вучні СШ № 1 з класным кіраўніком. З Днём пажылых віншуюць з раённых арганізацый таварыства інвалідаў і таварыства інвалідаў па зроку (доўгі час Ірына Антонаўна была яго сакратаром).
Цікавы расказ яна аздабляе фотаздымкамі, гаворыць няспешна, правільна пастаўленым голасам настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Здаецца, зараз і я пачую яе шчырае: «Добры дзень, дзеці».
…1944 год. Ірачка радасна крочыць у першы клас. Як гэта было даўно. Расказвае, што на абгортачнай паперы чарцілі клетачкі-лінейкі і выводзілі алоўкам літары і лічбы, потым сціралі іх і зноў запаўнялі ліст. У класе – 46 вучняў, да ведаў усе ішлі з жаданнем.
Узгадвае і гады працы. Як строем пад гукі духавога аркестра накіроўваліся за саджанцамі дрэў у Мыслабаж на чале з дырэктарам школы Іванам Дзегілевічам, як затым дружна садзілі дрэўцы у райцэнтры каля Ведзьмы і ў парку па вуліцы Дзесюкевіча.

Сёння ёй 81 год. Усё тая ж пазіцыя нераўнадушнасці і няскоранасці абставінам. І ўсё тая ж любоў да людзей, да жыцця. Светлы чалавек – Ірына Антонаўна Піскун.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.