Нашы жанчыны могуць усё. Да новых сустрэч на канцэрце

Сучасная жанчына – яна, як герой з фантастычнага баевіка, толькі з прыстаўкай «звыш»: абаяльная, моцная і валодае куды большай колькасцю суперздольнасцяў.
Мамачка, жонка, дачушка, бабуля, свякроў, цешча, цётка, сястрычка, сяброўка, бізнес-лэдзі… Жыццёвых роляў у жанчыны шмат –  усё з прыстаўкамі любімая і родная.

Спявае душой і сэрцам – гэта пра загадчыцу Тухавіцкага СДК Алену Абрамаву. Калі яна на сцэне – хочацца, каб песня не заканчвалася. У культуры Алена Канстанцінаўна 18 гадоў, з іх чатыры – на пасадзе кіраўніка СДК.

У свой час скончыла Магілёўскае вучылішча і атрымала спецыяльнасць рэжысёра масавых святаў і абрадаў. Сцэнарыі, рэпетыцыі, святы суправаджаюць яе працоўныя будні. І такая творчая мітусня не стамляе, наадварот, натхняе і зараджае. Як яшчэ можна растлумачыць яе кіпучую энергію і жаданне прыдумваць, ствараць і дарыць добры настрой землякам. Сама мясцовая, выдатна адчувае і ведае, што прыйдзецца ім па гусце.
Здаецца, няма таго, што б Алена Абрамава не ўмела. Перакройвае старыя сукенкі, якія пасля аўтарскіх штрыхоў становяцца сцэнічнымі касцюмамі. Рукадзеллю яе калісьці навучыла бабуля. І Алена, як сапраўдная майстрыха, шые паліто, спадніцы і іншыя рэчы, вывязвае шкарпэткі, рукавіцы і кофты. Суседзі і сябры хваляць яе цырульніцкае ўменне. І гаспадыня цудоўная, у якой і булкі смачныя, і боршч наварысты.
Алена Канстанцінаўна не лічыць свае ўменні звышталентамі. Падкрэслівае, што гэта ўмеюць усе. А яна шчыра любіць сваю сям’ю – мужа Аляксандра, сына Назара і дачку Аляксандру. Аляксандра, дарэчы, таксама выбрала прафесію творчую –  у СДК яна мастацкі кіраўнік. Закончыла музкаледж, а пасля Палескі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фізічная культура». Натура таленавітая і вельмі крэатыўная. Арганізавала песенны калектыў «Знічка», дзе разам з маці і калегамі выконваюць народна-эстрадныя нумары мастацкай самадзейнасці. Прычым падбіраюць так, каб павесялей – каб ногі самі ў пляс ішлі. Давялося быць сведкай песеннага дуэта маці і дачкі – пасля аднаго раза пажадаеш паслухаць яшчэ.
Не адстае ад родных і Назар, таксама ўдзельнічае ў творчай самадзейнасці. Любоў да песні ў іх у генах. Спяваў бацька Алены, а ў дзеда некалі нават быў сямейны ансамбль.
Алена Канстанцінаўна вельмі цэніць сваіх калег, якія для яе і сябры, і дарадчыкі, з якімі разам ствараюць настрой землякоў, якім дапамагаюць арганізаваць з карысцю і цікава вольны час.
– Тухавічы – кропка ад райцэнтра аддаленая, і не кожны паедзе за ўражаннямі за межы раёна. Хочацца парадаваць землякоў цікавымі пастаноўкамі, душэўнымі песнямі, стварыць цудоўны настрой, – адзначае загадчыца СДК Алена Абрамава.
У СДК, акрамя ўсяго іншага, можна набыць і адметныя сувеніры, якія робіць Алена Канстанцінаўна разам з калегамі. Шыюць і запатрабаваныя зараз маскі, іншыя рэчы.
Алена Абрамава – крэатыўны культработнік, майстар сваёй справы, нераўнадушная і спагадлівая жанчына, для якой галоўнае – у любой сітуацыі заставацца чалавекам. А яшчэ яна вельмі ўдзячна і паважае сваіх землякоў, сярод якіх вырасла, якія натхняюць і падтрымліваюць. У загадчыцы Дома культуры мара, каб на мерапрыемствах зала не ўмяшчала гледачоў, каб прыязджалі ў Тухавічы маладыя, з кім можна было б і спяваць, і танцаваць, і рэпетыраваць мастацкае заўтра.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.