Каварная радзімка. 23 мая – дзень прафілактыкі меланомы

Меланома – злаякаснае захворванне скуры, якое развіваецца з меланінаўтваральных клектак скуры. З грэчаскай яе назва перакладаецца як «чорная пухліна». Захворванне не мае выражаных узроставых ці палавых «пераваг», аднак назіраецца яўная залежнасць рызыкі ўзнікнення раку скуры ад фотатыпу чалавека.
Пра тое, як не захварэць, як правільна загараць, як быць уважлівым да стану скуры, у прыватнасці, радзімак, а таксама пра іншыя моманты здароўя расказвае ўрач-дэрматолаг ЦРБ Анастасія Пташнік.

Штогод ва ўсім свеце колькасць новых захворванняў меланомай расце на 10 працэнтаў. Для людзей са светлай скурай рызыка на працягу жыцця захварэць ракам скуры, пры ўмове, што яны не прымаюць ахоўных мер і часта падвяргаюцца ультрафіялетаваму выпра-меньванню, амаль 85 працэн-таў. Прыкладна 80 працэнтаў перадумоў закладваецца ўжо ў першыя 20 гадоў жыцця. Але праяўляюцца яны з адтэрміноўкай на два-тры дзесяцігоддзі.
У Беларусі таксама адзна-чаецца рост захворванняў меланомай. У нашым раёне ў мінулым годзе выяўлены адзін выпадак меланомы, прычым на ранняй стадыі, што дазволіла своечасова правесці хірургічнае лячэнне і не дапусціць метастазавання.
Меланома – бязбольны вузялок ад чорна-сіняга да ружовага колеру. Лакалізуецца часцей за ўсё на адкрытых участках скуры, але можа ўзнікнуць на іншых участках цела, нават пад пазногцевай пласцінкай, на вочным яблыку ці на слізістых абалонках.

Фактары рызыкі

● Вялікая колькасць радзімак (больш за 50).
● Выпадкі захворвання меланомай у сям’і.
● Пастаянная траўматызацыя невуса.

Нармальны працэс дзялення меланацытаў парушаецца пад уздзеяннем:

● Гарманальных перабудоў арганізма з-за хваробы ці па натуральных прычынах (цяжарнасць, клімактэрычны перыяд).
● Імунадэфіцытных станаў.
●Інтэнсіўнага УФ-выпраменьвання, што з’яўляецца галоўным фактарам развіцця злаякасных новаўтварэнняў скуры.
Раней лічылася, што рак скуры выклікаюць толькі ультрафіялетавыя прамяні тыпу В, таму што іменна яны з’яўляюцца прычынай мутацыі ў геноме – ДНК. Аднак, падчас даследаванняў стала вядома, што да раку прыводзяць таксама і прамяні тыпу А. Перадазіроўку данага небяспечнага выпраменьвання чалавек атрымлівае ў салярыі, дзе дозы ў шмат разоў вышэй, чым пад сонцам.

Сімптомы, пры якіх неабходна звярнуцца да ўрача-дэрматолага
ці ўрача-анколага

● З’яўленне на здаровай скуры любой плямы ці вузялка, які мае цялесны, чырвоны, карычневы ці чорны колер.
● Павелічэнне агульнай коль-касці пігментных плямаў ці радзімак.
● Павелічэнне ў памерах радзімкі, яе ўшчыльненне і адсутнасць выразных роўных краёў.
● Траўміраванне радзімкі, пакрыванне язвамі, кроватачы-васць.
● Сверб ці лёгкае паколванне ў вобласці пігментнай плямы. Нераўнамернае змяненне коле-ру радзімкі, з’яўленне чорных, чырвоных ці сініх украпін.
● Асіметрыя радзімкі (здаровая радзімка павінна быць акруглай правільнай формы).

Дыягностыка

Найбольш сучасным метадам дыягностыкі меланомы з’яўляецца дэрматаскапія. Даны метад выкарыстоўваецца не толькі для дыягностыкі меланомы, але і іншых новаўтварэнняў на скуры, пухлін-най і непухліннай прыроды. Прынцыпам дэрматаскапіі з’яўляецца павелічэнне ў 140 разоў з асвятленнем без парушэння скурных покрываў. Супрацьпаказанняў да данага даследавання няма. Яго можна прайсці ў Брэсцкім абласным скурна-венералагічным ды-
спансеры пасля кансультацыі ўрача-дэрматолага.

Абарона скуры ад ультрафіялету

● Рэгулярнае выкарыстанне сонцаахоўных акуляраў, якія абараняюць не толькі вочы, але і тонкую скуру пад імі.
● Галаўныя ўборы, пажадана з шырокім палямі, для абароны скуры твару, вушэй і шыі.
● Адзенне павінна быць доўгім, шчыльнатканым, але паветрапрапускальным.
● У перыяд з 11 да 15 гадзін неабходна пазбягаць знаходжання на адкрытым сонцы, таму што ў гэты час індэкс ультрафіялету асабліва высокі.
● Знаходжанне ў цяні ці пад парасонам. Прычым воблакі зніжаюць уздзеянне ультрафіялетавых прамянёў толькі на
10 працэнтаў, таму, нават пры зацягнутым небе можна атрымаць сонечны апёк.
● Прыём антыаксідантаў, такіх як вітаміны А, С, Е з прадуктамі харчавання (морква, шпінат, капуста, буракі, зялёны чай).
● Ужыванне вітаміну Д з прадуктамі харчавання (тунец, рыбін тлушч, селядзец, яечныя жаўткі, ялавічная печань, некаторыя віды грыбоў).
● Выкарыстанне памады, якая ахоўвае ад раку вуснаў.
● І самае галоўнае – сонцаахоўныя крэмы. На цюбіках з сонцаахоўнымі сродкамі заўсёды ёсць такі паказчык як SPF 6, 10, 15, 20, 25, 30, 45, 50, 50+ (максімальная абарона).

Выбіраем ступень аховы

Выбар ступені аховы залежыць ад колькасці часу знаходжання на сонцы, фотатыпу скуры. Напрыклад, пры паказчыку SPF 50 крэм можа прадоўжыць уласную дзесяцімінутную абарону скуры першага тыпу ў 50 разоў. Гэта значыць на 500 мінут – 8 гадзін. Але гэта толькі ў тэорыі. Для таго, каб сонцаахоўны крэм сапраўды ахоўваў такі доўгі час, неабходна наносіць 2 міліграмы крэму на квадратны сантыметр скуры, у той час, як звычайна наносіцца 0,5-1 міліграм крэму. Да таго ж трэба ўлічваць, што частка крэму выпараецца разам з потам, плюс трэнне адзення ці змываецца з вадой падчас купання. Пасля водных працэдур у любым выпадку неабходна наносіць крэм паўторна.
Сонцаахоўныя крэмы лепш наносіць раўнамерным слоем за 15 мінут да выхаду на сонца. Прычым неабходна не забываць пра вушы, шыю, міжпальцавыя прамежкі, ступні. Многія не наносяць сонцаахоўныя крэмы (асабліва мужчыны), таму што яны вельмі ліпкія, тлустыя. Удакладнім, што ёсць сонцаахоўныя флюіды, гелі, пудры. Яны ўтрымліваюць значна менш тлушчу, не забіваюць поры, хутка ўсмоктваюцца, і скура пад імі не пацее.
Акрамя паказчыка SPF неабходна звяртаць увагу на такі паказчык, як абарона ад ультрафіялетавых прамянёў тыпу А (UVA). У адпаведнасці з дырэктывай Еўрапейскай супольнасці, на цюбіку павінен быць кружок з данымі літарамі. Крэм без такой аховы хоць і дапамагае абараніцца ад прамянёў тыпу В, але прамяні тыпу А бесперашкодна пранікаюць у скуру.
Калі на цюбіку ёсць абазначэнне «водаўстойлівы» – гэта азначае, што на скуры пасля купання засталося прыкладна каля 50 працэнтаў святлоахоўных рэчываў і неабходна паўторна пасля купання наносіць крэм.

Дзяцей да двух гадоў наогул нельга падвяргаць прамому сонечнаму выпраменьванню. Неабходна карыстацца дзіцячымі крэмамі з высокім сонца-ахоўным фактарам.
Замест нанясення раніцай дзённага крэму, затым наверх сонцаахоўнага, лепш выкарыстоўваць камбінаваныя крэмы, у якіх ахова ад сонца спалучаецца з доглядам ці танальным эфектам.

Супрацьпаказанні для наведвання салярыя
● Захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, шчытападобнай залозы, цэнтральнай нервовай сістэмы.
● Наяўнасць анкалагічных захворванняў.
● Бранхіяльная астма.
● Цяжарнасць і перыяд лактацыі.
● Прыём антыканвульсантаў, антыбіётыкаў, транквілізатараў, антыдэпрэсантаў.
Лепш устрымацца ад наведвання салярыя пасля эпіляцыі, касметалагічных пілінгаў (рызыка ўзнікнення пігментных плямаў).

Правілы карыстання
● Пры выбары салярыя звярніце ўвагу на апошнюю дату замены ультрафіялетавых лямпаў.
● Салярый лепш наведваць у першай палове дня, таму што пры наведванні вечарам гэта можа перашкодзіць засынанню.
● Перад працэдурай неабходна прыняць душ, змыць з сябе касметыку, рэшткі парфумы на скуры, таму што пад уздзеяннем ультрафіялету прадукты распаду могуць выклікаць алергічную рэакцыю.
● Наведвайце салярый не больш за 3-4 разы ў месяц.
● Неабходна ахоўваць вочы, малочныя залозы, валасы, вусны.
● Карыстацца спецыяльнымі сродкамі для загару ў салярыі.
● Ахова скуры патрабуе цярпення і ўважлівасці, не дарэмна ў спякотных краінах светлая скура –
прыкмета здароўя і высокага сацыяльнага статусу.
Існуе меркаванне, што перад водпускам ёсць сэнс папярэдне наведаць салярый. Аднак, гэта не так. Візіт у салярый ніякім чынам не папярэджвае сонечны апёк, таму што пігмент, які ўтвараецца ва ўмовах салярыя, непаўнацэнны і нястойкі, ахоўнага патаўшчэння эпідэрмісу ён не выкліча. Акрамя таго, ультрафіялетавае сонца салярыя не павышае ўзровень вітаміну Д у арганізме.