Палымяная эстафета. «Полымя міру» працягвае сваё падарожжа па Беларусі. Сустракалі яго і ў Баранавічах

Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі перадае «Полымя
міру» інжынеру-тэхнолагу Мінскага гадзіннікавага завода Юліі Шэлег.

У мінулую пятніцу агонь Еўрагульняў быў у Баранавічах. Агульнае хваляванне нарастала з кожнай хвілінай – гараджане літаральна абляпілі вуліцы, віталі эстафету і факеланосцаў. Ім у гэты дзень пашчасціла ў прамым сэнсе дакрануцца да гістарычна важнай спартыўнай падзеі кантынентальнага маштабу – ІІ Еўрагульняў.

На цэнтральнай плошчы старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі даў старт эстафеце. Сімвалічна, што «Полымя міру» стала тут ганаровым госцем напярэдадні любімага свята гараджан – «Баранавіцкай вясны». І сустрэлі яго, як і належыць, – гасцінна, ярка, феерычна. Дзіцячыя танцавальныя калектывы змянялі адзін аднаго і дарылі ўсім прысутным зарад спартыўнай бадзёрасці і аптымізму.
Першай пранесла «Полымя міру» па цэнтральнай вуліцы Баранавіч майстар спорту міжнароднага класа, удзельніца Алімпійскіх гульняў, двухразовы сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы Юлія Хітрая.


На брусчатай вуліцы Савецкай дзеці і дарослыя, прадстаўнікі працоўных калектываў таксама сустракалі факеланосцаў песнямі і танцамі, шчыра падтрымлівалі сваіх вядомых спартыўных землякоў.
Эстафету прыняў чэмпіён Беларусі па рэгбі Іван Шэўмер. Пасля пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2014», шматдзетная мама Кацярына Станкевіч і ўдзельнік дзіцячага Еўрабачання-2018 Даніэль Ястрэмскі даставілі агонь Еўрагульняў у музей чыгуначнай тэхнікі. Дарэчы, у Кацярыны Станкевіч падчас прабегу была надзвычай моцная і галасістая падтрымка – 18 яе дзетак!
Мікрааўтобусы з лагатыпам Еўрагульняў прыкметныя і на дарогах – спецыяльная сімволіка, гукавая падтрымка і суправаджэнне супрацоўнікаў ДАІ.

А яшчэ ў стужцы навін з хэштэгамі фэсту #europeangames #brightyear #brightyou і г.д. дабавіцца запісаў і фотаздымкаў ад студэнтаў і выкладчыкаў БарДУ, дзе таксама ўспыхнула «Полымя міру». Асаблівы настрой на яркія перамогі ствараў талісман гульняў лісяня Лесік – ён ці не самая папулярная фотамадэль краіны ў апошні час. Здымак з ім абавязковы на камеру смартфона ў прадчуванні самай грандыёзнай спартыўнай падзеі.
Сярод факеланосцаў – першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі. Для яго гэты дзень асаблівы ў многім. Безумоўна, пранесці агонь Еўрагульняў – ганарова і адказна, а яшчэ прыемней прабегчыся з факелам у родным горадзе, на сваёй малой радзіме.
Пабываў агонь II Еўрапейскіх гульняў і на тэрыторыі авіяцыйнага рамонтнага завода.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Больш фота тут.