Пуцёўка ў лета. Дзе будуць адпачываць і аздараўляцца школьнікі з Ляхавіцкага раёна?

У гэтым годзе 592 школьнікі з нашага раёна будуць адпачываць і аздараўляцца ў лагерах з дзённым знаходжаннем пры гарадскіх і раённых установах адукацыі і мясцовай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. Для цікавага адпачынку прадумана ўсё: конкурсы, пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі, паходы, а таксама паўнацэннае харчаванне хлопчыкаў і дзяўчынак. Круглыя шчочкі і здаровы румянец гарантаваны!

Фота з архіва «ЛВ»


Бацькоўская плата за 18-дзённую пуцёўку ў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем на базе школ для дзяцей 6-10 гадоў складае 8 рублёў 60 капеек, 11-13 гадоў – 16 рублёў 88 капеек. У лагеры «Каласок» на базе СДЮШАР бацькоўская даплата за 18 дзён адпачынку для дзяцей 6-10 гадоў будзе складаць 15 рублёў, 11-17 гадоў – 20 рублёў. Для тых, хто хоча сумясціць працу з адпачынкам, будуць дзейнічаць працоўныя лагеры. Бацькоўская даплата складзе 13 рублёў 20 капеек.
Рыхтуецца сустрэць юных адпачываючых і летнік «Чайка». Цяпер тут наводзяць парадак: абкошваюць тэрыторыю, саджаюць кветкі, рыхтуюць карпусы.
Адкрые сезон у «Чайцы» спартыўная змена фізкультурна-аздараўленчага профільнага лагера «Колас». З 3 чэрвеня для 80 хлопчыкаў і дзяўчынак тут будуць праходзіць вучэбна-трэніровачныя заняткі па розных відах спорту, якія дапоўняць змястоўны адпачынак.
Другая, трэцяя і чацвёртая змены прымуць усіх рабят, якія жадаюць набрацца сіл і энергіі. Закрыюць летні сезон зноў спартсмены. Усяго ў «Чайцы» і «Коласе» адпачнуць і весела правядуць час 510 дзяцей.
Бацькоўская плата, у залежнасці ад узросту дзяцей, у лагеры «Чайка» вар’іруецца ад 33 да 35 рублёў, у «Коласе» – ад 30 да 35 рублёў.