У СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» шануюць працавітых людзей

Галоўны аграном СВК Віталій Кульбіцкі.

Зусім не пра золата і не пра іншае матэрыяльнае багацце пойдзе гаворка. Пра людзей — тых, хто прысвяціў сваё жыццё працы на зямлі. Яны — сапраўдны скарб. Магчыма, проста пашанцавала СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», ці прыцягальная сіла гэтай зямлі збірае тут вельмі руплівых і адданых людзей, але верагодней за ўсё — павага да чалавека працы, умовы, якія ствараюцца, клопат, з якім тут ставяцца і да пажылых, і да маладых. Нездарма ж старшыня сельгаскааператыва Васілій Чубаў, расказваючы пра вытворчыя дасягненні, укараненне новых тэхналогій, сучасную тэхніку, якая працуе на палях гаспадаркі, развіццё сацкультбыту аграгарадка Конькі, які сёння ўпрыгожваюць вуліцы новых камфортных дамоў, пабудаваных для работнікаў, з асаблівай павагай і гонарам адзначае:
— Той хлеб надзённы, які маем, працоўныя здабыткі, рэалізаваныя і новыя планы — гэта ўсё нястомная праца рук нашых людзей. Іменна кадры вырашаюць усё, і так было заўсёды.
Васілій Міхайлавіч пералічвае імёны механізатараў, жывёлаводаў, работнікаў раслінаводчай галіны, падрабязна расказвае пра тых, на каго можна спадзявацца заўсёды і ў любой справе.
Напрыклад, маладая сям’я Анціпенкаў. Алена працуе бухгалтарам у сельгаскааператыве, Дзмітрый — вадзіцель. Гэта якраз той выпадак, калі адвечная хлебаробская справа прыйшлася па душы. Дзмітрый штогод у час уборачнай кампаніі адвозіць збожжа на зернеток. Працуе самааддана, бо разумее, наколькі гэта важная справа. Сёлета ён перавёз 2161 тону зерня. Дзмітрый Анціпенка неаднаразова быў сярод пераможцаў рэспубліканскага, абласнога, раённага спаборніцтваў, яго праца адзначалася граматамі і падарункамі. Маладой працавітай сям’і гаспадарка выдзеліла службовае жыллё — прыгожы дом, у якім заўсёды лад і парадак, падрастаюць двое дзетак-школьнікаў.

Маладыя, але перадавыя: Валерый Пстыга і Арцём Печкураў.

Гонар сельгаскааператыва — маладыя механізатары Валерый Пстыга і Арцём Печкураў, якім можна даверыць любую работу. А ў час жніва яны са-дзяцца за штурвал камбайна. Іх КЗС-10К, здаецца, спыняецца на некалькі гадзін і толькі ноччу. Сёлета экіпаж быў адным з лепшых сярод маладых удзельнікаў жніва. Канчатковы вынік іх працы — убрана 187 гектараў і намалочана 805 тон зерня.
Любоў да зямлі і хлебаробскай справы, відаць, перадаецца ў спадчыну. Напрыклад, Валерый Пстыга пайшоў па слядах свайго бацькі Сяргея Рыгоравіча, які ўсё жыццё працаваў механізатарам. Гэтую ж прафесію, акрамя Валерыя, выбралі і два яго браты.
Бывае, што і жыхару горада па душы хлебаробская справа, як Арцёму Печкураву з Баранавіч. Бабуля яго жыве ў Коньках, і гэтая акалічнасць стала вызначальнай пры выбары прафесіі. Кожнае лета ён праводзіў у вёсцы і прыкіпеў душой да працы на зямлі.
Аляксей Зуйкевіч — тэхнік-жывёлавод і прафесіянал сваёй справы. Дасягнуць поспеху дапамаглі не толькі адказнасць і ўважлівасць, але і трывалыя веды, атрыманыя ў мясцовым агракаледжы. Аляксей стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Працаваць на вынік значна прасцей, калі побач такія зацікаўленыя спецыялісты як ветурач Анжэла Таранда і заатэхнік-селекцыянер Алег Аўсей.
Віталій Кульбіцкі — малады аграном, аднак яму ўжо даверана адказная пасада намесніка старшыні сельгаскааператыва па раслінаводстве. Шырокае поле дзейнасці для нядаўняга выпускніка Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, і ён спраўляецца паспяхова. Несумненная заслуга Віталія ў тым, што сёлета гаспадарка атрымала выдатны ўраджай зерневых і зернебабовых культур, што вырасла ўдалай кукуруза ды і іншыя сельгаскультуры не падвялі. З аграгарадком Конькі малады спецыяліст звязвае вялікія надзеі.
Непрыкметна праляцеў час і для былога афіцэра Аляксандра Івашкі, які ўжо 10 гадоў працуе ў сельгаскааператыве інжынерам-энергетыкам. Кожны дзень у клопатах — прыемных і захапляючых. На вачах адбываюцца значныя пераўтварэнні ў сельскагаспадарчай вытворчасці, і ён іх непасрэдны ўдзельнік. Апошнімі днямі Аляксандр разам з брыгадай спецыялістаў манціруе абсталяванне на рэканструяванай ферме ў Патапавічах. Ён у адказе за ўсе слясарныя работы, прычым, заўсёды стараецца, каб яны былі выкананы своечасова і дакладна. Як некалі на службе.
Прозвішча даяркі Марыі Турко вядома не толькі ў гаспадарцы. Працуе на Конькаўскай ферме 22 гады і бадай што заўсёды ў лідарах. Гэта ўжо, можна сказаць, фірменны стыль работы.
Сярод тых, на каго спадзяюцца ў сельгаскааператыве, — трактарыст-машыніст Міхаіл Міклашэвіч і прараб будаўнічай брыгады Аляксандр Чапля. У кожнага з іх — свае абавязкі, але адказнасць адна — быць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі.
… Старшыня сельгаскааператыва Васілій Чубаў, які ў СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» 17 гадоў адпрацаваў аграномам і амаль 2 дзясяткі гадоў кіруе гаспадаркай, перакананы, што няма на зямлі больш пачэснай місіі, чым вырошчваць хлеб. З гэтым згодны і тыя, хто побач з ім з году ў год самааддана працуе, і тыя, хто яшчэ толькі абраў прафесію хлебароба.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *