Кандыдат у дэпутаты парламента Мікалай Язубец сустрэўся з выбаршчыкамі

23 верасня кожны грамадзянін, якому не абыякавая будучыня сваёй краіны, а, значыць, заўтрашні дзень сваёй сям’і, дзяцей і ўнукаў, абавязкова прыйдзе на выбарчы ўчастак. Прыйдзе, каб аддаць свой голас за чалавека, які, па яго меркаванні, дастойна прадставіць інтарэсы выбаршчыкаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Свайго дэпутата ў парламент выберуць і ляхавічане. Тэрыторыя Ляхавіцкага раёна разам з Баранавіцкім і часткай Ганцавіцкага ўваходзіць у Баранавіцкую сельскую выбарчую акругу №7. 22 жніўня акруговая выбарчая камісія зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты па гэтай акрузе старшыню Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалая Язубца.
Зараз у кандыдатаў адказны перыяд — агітацыйная кампанія, якая прадоўжыцца да 22 верасня ўключна.
У мінулы аўторак на Ляхавіччыне пабываў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Язубец. Мікалай Мяфодзьевіч разам са сваім перадвыбарным штабам наведаў адзін з флагманаў сельгасвытворчасці раёна — СВК «Шлях новы», сустрэўся з працаўнікамі сельгаскаператыва. Наогул, сельская гаспадарка для кандыдата ў дэпутаты галіна блізкая. Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і, набыў прафесію ветэрынарнага ўрача, працаваў у сельгасарганізацыях, пэўны час быў першым намеснікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, генеральным дырэктарам канцэрна «Брэстмясамалпрам». З 2005 года Мікалай Язубец узначальвае Баранавіцкі раён. Яму добра вядома, якімі клопатамі жыве сёння вясковец.
Наступны прыпынак на агітацыйным маршруце — Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца. Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк, які з’яўляецца даверанай асобай    кандыдата ў дэпутаты,  прадставіў яго  супрацоўнікам ЦРБ .
— Мне неабыякавы стан спраў у медыцыне, бо здароўе чалавека — аснова асноў. Але, каб дапамагаць іншым, неабходна, каб медыцына і сама была здаровай. Без новага сучаснага медыцынскага абсталявання і вырашэння кадравага пытання паляпшаць якасць медыцынскага абслугоўвання складана. А вырашыць іх можна толькі агульнымі намаганнямі, у тым ліку, і на заканадаўчым узроўні, — перакананы Мікалай Язубец
Мікалай Язубец з інтарэсам пазнаёміўся і з вытворчасцю СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», сустрэўся з калектывам прадпрыемства.
Адбылася ў мінулы аўторак і сустрэча кандыдата ў дэпутаты з выбаршчыкамі на Ляхавіцкім кансервавым заводзе. Як вопытнага кіраўніка, сапраўднага прафесіянала, чалавека слова і справы прадставіў працаўнікам Мікалая Язубца дырэктар завода Леанід Лейчанка. У сваю чаргу прэтэндэнт на дэпутацкі мандат расказаў, што дасканала ўзважыў свае магчымасці, перш чым прыняць адказнае рашэнне балатавацца ў дэпутаты:
—Галоўнае, усвядоміць, чым ты можаш рэальна дапамагчы людзям. Працаваць дзеля людзей, дапамагаць ім па меры сваіх магчымасцей — маё крэда.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *