Пра гэта гаварылася ў Пасланні. Камунгасаўская арыфметыка

Нельга не заўважыць змены, што адбываюцца на Ляхавіччыне ў
камунальным абслугоўванні. Станоўчую дынаміку развіцця мясцовага прадпрыемства, яго выніковую дзейнасць па ўдасканаленні вытворчасці і расшырэнні колькасці, паляпшэнні якасці аказваемых паслуг адзначыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, які напрыканцы мінулага тыдня сустрэўся з калектывам Ляхавіцкай ЖКГ. Асноўная тэма сустрэчы, у якой таксама ўдзельнічалі старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і генеральны дырэктар абласнога галіновага ўпраўлення Аляксандр Максімчук, – рэаліі і перспектывы развіцця прадпрыемства.

Прэзідэнт у Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу падкрэсліў, што асноўныя напрамкі развіцця галін, найбольш блізкіх лю-дзям (жыллёвай, камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, аграпрамысловага комплексу), вызначаны ў дакументах самага высокага ўзроўню – Дырэктывах. Выйсці на стабільны эканамічны ўзровень, дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы, забяспечыць мясцоваму насельніцтву зручнае і бяспечнае асяроддзе для пражывання – гэтыя і шэраг іншых задач паставіла перад камунальнікамі прынятая сёлета Дырэктыва № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».
Адзін з пунктаў Дырэктывы – удасканаленне абыходжання з камунальнымі адходамі. Дарэчы, сёлета ўпершыню за апошнія гады Ляхавіцкая ЖКГ выканала паўгадавое заданне па зборы другаснай сыравіны. Але Аляксандр Церахаў пацікавіўся, чаму, напрыклад, пэт-бутэлькі камунгас не перапрацоўвае самастойна, а здае ў іншыя арганізацыі. На гэтым таксама можна зарабіць.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што пытанне арганізацыі ў раёне перапрацоўкі другаснай сыравіны паступова (няхай і не без праблем) вырашаецца. Пакуль не на поўную магутнасць працуе цэх па перапрацоўцы і прасаванні другасных матэрыяльных рэсурсаў. У планах устаноўка на тэрыторыі палігона ў Грушаўцы сартавальнай станцыі па перапрацоўцы смецця.
Дырэктар жылкамунгаса сярод асноўных сёлетніх задач назваў зніжэнне вытворчых затрат і невытворчых страт, змяншэнне сабекошту рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг, павышэнне якасці рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду, паслуг, максімальнае задавальненне запытаў спажыўцоў. Гэтаму павінны паспрыяць канкрэтныя крокі, сярод якіх – набыццё і ўстаноўка энерга-зберагальнага абсталявання, у прыватнасці, для свідравін і каналізацыйна-помпавых станцый, нарыхтоўка мясцовых відаў паліва ўласнымі сіламі, увядзенне ў эксплуатацыю ў 2020 годзе кацельні, якая будзе працаваць на шчапе, перавод газавых кацельняў на аўтаматычны рэжым работы і многае іншае. 
Сярод крыніц даходаў – аказанне дадатковых паслуг, у тым ліку ад новых відаў дзейнасці. Напрыканцы мінулага года на баланс ЖКГ перададзена ПМК-17. Каб тэрыторыя былой будаўнічай арганізацыі не прастойвала, у вытворчых памяшканнях арганізаваны выраб жалезабетоннай прадукцыі і пластыкавых вокнаў, распілоўка дроў.
Аляксандр Церахаў падкрэс-ліў, што кожнае падраздзяленне павінна прыносіць прыбытак. Перакрыжаванае субсідзіраванне, калі даходы ад аднаго віду дзейнасці пакрываюць страты, дапушчаныя на іншым вытворчым участку, – не лепшы выхад з сітуацыі. Такія патрабаванні датычацца і бытоўкі, якая больш за пяць гадоў – у падпарадкаванні жылкамунгаса.
Андрэй Чайкоўскі расказаў, што за гэты час цырульня са стратнай перайшла ў статус прыбытковай. Распрацоўваюцца праграмы і па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі з іншымі бытавымі паслугамі. У прыватнасці, сем вясковых КПП за год-другі павінны перайсці на самаакупнасць.
Дзеля змяншэння кошту гасцінічных паслуг пры высокім сэрвісе, што дазволіць прыцягнуць больш кліентаў, пэўныя пераўтварэнні чакаюць і гасцініцу «Эдэльвейс». Страты ад гасцінічнага бізнесу сёлета за 4 месяцы склалі 13,5 тысячы рублёў.
Агучаная інфармацыя наконт адраснага субсідзіравання лазневага абслугоўвання, бясспрэчна, паспрыяе эканамічнай стабільнасці прадпрыемства. За 4 месяцы года страты камунгаса ад лазневай паслугі (сацыяльна значнай) склалі больш за 42 тысячы рублёў. Дарэчы, апошнім часам у гарадскую лазню закуплена новае абсталяванне, праведзены рамонт. Якасць паслуг
на вышыні, павялічылася і колькасць кліентаў, у тым ліку з Баранавіцкага раёна.
Аляксандр Камінскі адзначыў, што на кантролі ўлады і функцыянаванне ачышчальных збудаванняў. Кіраўнік рёна падкрэсліў, што прымаюцца ўсе меры, задзейнічана шмат рэсурсаў, каб экалагічная сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва ў райцэнтры новых ачышчальных збудаванняў. Фінансуе аб’ект Сусветны банк развіцця. 
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці, дзе жылкамунгас можа
дадаткова зарабіць, – будаўніцтва і капітальны рамонт жылля. Тым больш, што ў раёне засталася ўсяго адна будаўнічая арганізацыя – ПМК-13. Толькі сёлета на капітальны рамонт жылфонду (шматпавярховік па завулку Южакова 3, дамы па Чкалава, 12 і 3) камунгасу выдзелена 210 тысяч рублёў.
Неабходнасць росту заработнай платы – задача актуальная, падкрэсліў міністр ЖКГ. Сярэдняя зарплата па прадпрыемстве за 4 месяцы гэтага года склала 570 рублёў – плюс 35 рублёў да стану на пачатак года. Але тэмпы росту трэба нарошчваць. Прычым не проста павышаць зарплату за кошт субсідзіравання галіны, а развіваць вытворчасць і на гэтай аснове вырашаць пытанне.
Асаблівая тэма і кропка прыкладання сіл – добраўпа-радкаванне. Камунгасаўскі ўдзел у гэтым ці не самы галоўны.

Галіна КАНЬКО. БОЛЬШ ФОТА ТУТ