Прыгожы камфорт з відам на райцэнтр. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прайшоў адзіны дзень інфармавання

У праграме адзінага дня інфармавання інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Камінскім сустрэлася з калектывам Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Галоўнай тэмай абмеркавання сталі ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

У Пасланні Кіраўнік дзяржавы абазначыў асноўныя дасягненні суверэннай Беларусі, назваў асноўныя прыярытэты развіцця краіны ў розных сферах.
Сярод задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы ў сферы сельскай гаспадаркі, – дыктатура тэхналогій і вытворчая дысцыпліна, актыўнае асваенне новых для краіны відаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Для калектыву ЛДАКа, які рыхтуе спецыялістаў для аграрнай галіны, гэта – кіраўніцтва да дзеяння.
На сустрэчы таксама гаварылі пра тое, як у Год малой радзімы пераўтвараецца Беларусь, Брэстчына, Ляхавіччына. Дзеля стварэння ўтульнасці і камфорту насельніцтва ў нашым раёне робіцца многае.
Дарэчы, пытанні, якія каляджане адрасавалі старшыні райвыканкама, у большасці датычылі менавіта добраўпарадкавання райцэнтра: ці плануецца абсталяванне вялікай дзіцячай пляцоўкі і дзе будзе адкрыта маладзёжнае кафэ, што робіцца для развіцця турыстычнага патэнцыялу раёна і як змагацца з тымі, хто стварае сметнікі.
Аляксандр Камінскі расказаў, што ў бліжэйшы час парк па вуліцы Дзесюкевіча чакаюць капітальныя перамены. Там будуць устаноўлены атракцыёны, спартыўнае абсталяванне і г.д. Нядаўна камунальнікі ўладкавалі і адрамантавалі спартыўную і дзіцячую гульнёвую пляцоўкі, высаджана 365 дрэў і 25 кустоў, мноства кветак, абноўлены месцы масавага адпачынку, рамантуюцца і ўстанаўліваюцца кантэйнерныя пляцоўкі, спілоўваюцца небяспечныя дрэвы і г.д. Шматлікія змяненні адбываюцца на прыбярэжнай тэрыторыі ракі Ведзьма.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што і самі ляхавічане павінны быць нераўнадушнымі да выгляду свайго райцэнтра, актыўна ўдзельнічаць у яго добраўпарадкаванні і навядзенні парадку, ну і, канешне, па-гаспадарску, беражліва ставіцца да ўсіх зробленых даброт і зручнасцей.
Дыялог атрымаўся зацікаўленым, канструктыўным і карысным.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.