Ляхавічане паўдзельнічалі ў ІІІ Міжнародным конкурсе маладых мастакоў

Куба, Кітай, Індыя, Ізраіль, Сла вакія, Турцыя, Расія, Арабскія Эміраты, Германія, Украіна, Казахстан… – далёка не поўны пералік краін, дзе ведаюць невялікі беларускі гарадок Ляхавічы і куды апошнім часам ішлі канверты, бандэролі і нават пасылкі з малюнкамі, напісанымі дзіцячай рукой, падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі. Усе яны пажадалі ўдзельнічаць у ІІІ міжнародным конкурсе юных і маладых мастакоў, радзімай якога і заўсёдным месцам правядзення стаў наш гарадок. А ініцыіраваў конкурс заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Апалон”, аўтар праекта – Віктар Чарнавокі. Мастак, магістр педагагічных навук, лаўрэат прэміі “Берасцейская зорка”, добры і дзіўны чалавек, ён кіраваў студыяй 20 гадоў. Гэты праект адбыўся дзякуючы яго прафесіяналізму і мэтанакіраванасці. Вось чаму адкрыццё ІІІ міжнароднага конкурсу юных і маладых мастакоў “Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра” пачаўся з хвіліны памяці Віктара Чарнавокага.
Але гэты конкурс змог адбыцца яшчэ і таму, што яго правядзенню садзейнічалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі аблвыканкам і Ляхавіцкі райвыканкам.
З прывітальным словам да гасцей, юных мастакоў і ўсіх прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, загадчыца аддзела культуры Ніна Прыхач, мастак-педагог Сяргей Чарановіч. У скла-дзе журы – член Саюза мастакоў Беларусі, дацэнт кафедры графікі Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзімір Вішнеўскі, загадчык кафедры Юрый Хілько. Тут жа, у актавай зале СШ №1, дзе па традыцыі праходзіць конкурс, была арганізавана выстава работ навучэнцаў студыі “Апалон”. Падумалася: нездарма работы нашых юных і маладых мастакоў займаюць прызавыя месцы на прэстыжных конкурсах у краінах Еўропы, у Кітаі і Японіі. 120 залатых медалёў атрымалі нашы рабяты. Сёння сярод студыйцаў 15 стыпендыятаў спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы талена-вітай моладзі. А колькі ўчарашніх выпускнікоў “Апалона” выбралі выяўленчае мастацтва справай свайго жыцця!
На выставе экспанаваліся работы Паўла Прыходзькі, Яўгенія Курловіча, Крысціны Клімянковай, Анастасіі Касумавай, Дар’і Пілінога і іншых. Перад кожным малюнкам хочацца спыніцца і прыгле-дзецца да вытанчанага ў фарбах вобразу, палюбавацца гармоніяй колераў і душы мастака. У кожнай работы відаць почырк аўтара. Яго заўважылі і ў Мінску, дзе напярэдадні прайшоў конкурс “На сваёй зямлі”, у якім удзель-нічала 13000 юных і таленавітых. І тут зноў вызначыліся ляхавічане. Першае і другое месца занялі работы Насці Зелянко і Юліі Бурчыц – вучаніц мастака-педагога Дзмітрыя Бурвеля, трэцяе – Дзіяны Вайшэвіч, з якой працуе мастак-педагог Васілій Грынь. Дарэчы, дыпломамі рознай вартасці адзначаны работы яшчэ пяці яго вучняў: Сяргея Гуліцкага, Крысціны Віхноўскай, Анастасіі Дзядзечка, Антаніны Дзенісеня, Ганны Навікевіч.
Спартыўная зала СШ № 1 ледзь умясціла дасланыя малюнкі. Першымі ўбачыць іх і ацаніць пашчасціла ”апалонаўцам” Каці Шулякоўскай, Алене Карпеня, Насці Бажко, Марыне Жабік, Лізе Сідор і педагогам школы мастацтваў, якія раздзялілі ўсе работы па ўзроставых групах аўтараў і зрабілі іх даступнымі для агляду журы і ўсіх жадаючых. Яны першымі выказалі і свае ўражанні. Дзяўчаты наперабой расказвалі пра некаторыя напрамкі ў мастацтве, перавагу ў дасланых малюнках нацыянальных матываў і спробы адлюстраваць хараство і непаўторнасць блізкай ім рэчаіснасці.
Партрэты, пейзажы, сям’я, мама, тата, сонейка, блакітнае неба, мір – асноўныя тэмы творчасці дзяцей з розных краін свету. Ні аднаго малюнка пра вайну. Толькі Арцём Адзінцоў з г. Сафонава Расійскай Фэдэрацыі прысвяціў сваю работу 65-годдзю Вялікай Перамогі. Ён намаляваў танк з чырвонай зоркай, белую бярозу пад акном старэнькай хаткі і матулю, якая сустракае сына-салдата. “Вызвалілі” — так назваў юны мастак свой сюжэт у фарбах.
У творчасці больш дарослых удзельнікаў конкурсу прасочваецца філасофскі роздум над прызначэннем чалавека на зямлі, захапленне прыродай роднага краю. І журы, і наведвальнікі гэтай шыкоўнай выставы любаваліся работамі юнага мастака з Варшавы Марыуша, які маслянымі фарбамі перадаў сваё бачанне звычайных з’яў прыроды: подыху навальніцы, зацішша, квітнеючага лета. Яго работы пакарылі не толькі гледачоў але і журы: гран-пры міжнароднага конкурсу паедзе ў Варшаву, яшчэ адзін – у г. Горкі Магілёўскай вобласці да Вікторыі Валынцавай. Зноў сярод пераможцаў журы назвала імёны юных мастакоў з Ляхавіч, прычым рознага ўзросту: Паліна Гурыновіч, Наталля Буйкевіч, Аніта Трыбух, Ліза Голубева, Ксенія Васілевіч, Марына Жабік, Алена Карпеня, Насця Саўрас, Вікторыя Прыхач, Аляксандр Грышкевіч, Сяргей Гуліцкі, Крысціна Віхноўская. Віншаванні пераможцам і іх педагогам-мастакам!
Нялёгка было журы з такой колькасці малюнкаў выбраць самыя таленавітыя, аб’ектыўна ацаніць творы юных. Два дні ішоў прагляд малюнкаў, дэбаты, якія завяршыліся высновамі прафесіяналаў. ІІІ міжнародны конкурс юных і маладых мастакоў “Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра” завяршыўся. А праз два гады будзе новы вернісаж, чарговы конкурс і новыя імёны таленавітых маладых мастакоў.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *