Махлярства па высокіх тэхналогіях

У канцы 2018-пачатку 2019 гадоў у Ляхавіцкім раёне павялічыўся рост злачынстваў, накіраваных супраць інфармацыйнай і маёмаснай бяспекі грамадзян. Павялічылася колькасць зваротаў у РАУС па фактах несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі (арт. 349 КК Рэспублікі Беларусь), крадзяжу грашовых сродкаў шляхам выкарыстання камп’ютарнай інфармацыі (арт. 212 КК Рэспублікі Беларусь), блакіравання камп’ютарнай інфармацыі (камп’ютарнага сабатажу – арт. 351 КК Рэспублікі Беларусь).

Часта звартаюцца ў праваахоўныя органы карыстальнікі сацыяльных сетак («Вконтакте», «Аднакласнікі» і г.д.), з якімі зламыснік уступіў у перапіску ад імя знаёмых, сяброў, сваякоў, зарэгістраваных у сацыяльных сетках, пасля атрымання несанкцыянаванага доступу да акаўнтаў (персанальных старонак) даных асоб у сацыяльных сетках. Бываюць просьбы аб пераводзе або вывадзе грашовых сродкаў, папаўненні рахункаў абаненцкіх нумароў мабільных тэлефонаў і шмат іншага. Зламыснікі просяць прадаставіць звесткі аб рэквізітах банкаўскіх плацежных карт, а таксама смс-код, што паступіў на абаненцкі нумар трымальніка БПК, які пацвярджае выкананне аперацыі, код, што пацвярджае рэгістрацыю ў мабільным дадатку інтэрнэт-банкінгу («М-банкінг»), з дапамогай якога ажыццяўляюць прывязку банкаўскай плацежнай карты да свайго нумара тэлефона для наступнага вываду грашовых сродкаў з БПК.
Іншы раз злачынцы просяць прадаставіць фотакопію пашпарта (можа быць прададзена або выкарыстана самім злачынцам для рэгістрацыі электронных кашалькоў, якія потым выкарыстоўваюцца для вываду выкрадзеных грашовых сродкаў); паведаміць свой абаненцкі нумар, а затым змест прыйшоўшых смс-паведамленняў (такім чынам, злачынцы ўваходзяць у асабістыя кабінеты карыстальнікаў абаненцкіх нумароў на сайтах сотавых кампаній, што дае ім магчымасць распараджацца рэшткамі грашовых сродкаў, залічаных на гэтыя рахункі). Некаторыя зламыснікі на камерцыйных інтэрнэт-платформах («Куфар.бай», «Анлайнер») выкладваюць аб’явы аб продажы тавараў і прадастаўленні паслуг, пасля чаго шляхам падману завалодваюць грашовымі сродкамі пакупнікоў, г. зн. учыняюць махлярскія дзеянні.
Даволі распаўсюджаным відам махлярства з’яўляюцца аб’явы ў сацыяльных сетках аб прадастаўленні пазык і грашовых сродкаў у доўг. Выкарыстоўваючы даную схему, зламыснік, як правіла, у якасці адной з умоў прадастаўлення пазыкі патрабуе перадаплату для розных мэтаў: аплата юрыдычных паслуг па афармленні дагавора пазыкі, аплата праезду да месца здзяйснення здзелкі, праверка крэдытнай гісторыі пазыкаатрымальніка. А пасля шляхам падману завалодвае грашовымі сродкамі грамадзян.
Некаторыя зламыснікі з дапамогай розных сацыяльных суполак, у якіх прапануецца магчымасць атрымання дадатковага заробку, выбудоўваюць злачынныя схемы. Як правіла, грамадзяне, якія вырашылі падзарабіць, выконваюць па ўказанні зламысніка пэўныя дзеянні. Напрыклад, рэгіструюць на сваё імя абаненцкі нумар тэлефона, пакідаючы сім-карту ў загадзя ўказаным злачынцам месцы, або афармляюць дагавор стварэння карт-рахунку ў банкаўскай арганізацыі, пасля чаго банкаўскую плацежную карту з пін-кодам перасылаюць зламысніку. За гэта злачынец прапаноўвае грашовае ўзнагароджанне, якое ніколі не будзе выплачана, а сім-карта або банкаўская карта будуць фігураваць у новым ланцужку яго супрацьпраўных дзеян- няў.
Парады па папярэджанні падобных злачынстваў:
не пераходзьце па спасылках, якія змяшчаюцца ў электронных пісьмах адпраўшчыкаў, тым больш калі вы іх не ведаеце;
не загружайце файлы з неправераных крыніц, памятайце пра тое, што нават самыя актуальныя абнаўленні антывірусных праграм могуць быць бяссільнымі супраць шкоднай праграмы;
не паведамляйце трэцім асобам свае лагіны і паролі, якія выкарыстоўваюцца для ўваходу ў розныя інфармацыйныя сеткі, а таксама асабістыя даныя;
не наведвайце інтэрнэт-рэсурсы з нізкай рэпутацыяй;
ні ў якім выпадку не паведамляйце рэквізіты вашых банкаўскіх плацежных карт. Калі вам прыйшло ў сацыяльнай сетцы паведамленне з просьбай аб прадастаўленні рэквізіту вашай банкаўскай карты ад вашых сяброў або блізкіх, не спяшайцеся рабіць гэтага. Патэлефануйце ім, арганізуйце асабістую сустрэчу і асабіста ўдакладніце сапраўднасць такіх паведамленняў;
не давярайце занадта прывабным прапановам на інтэрнэт-рэсурсах, звязаных з продажам ці купляй тавараў або аказаннем паслуг. Правярайце аўтара аб’явы ці пісьма – удакладніце нумар тэлефона, які ўказаны на сайце, адрас арганізацыі, якая дала аб’яву, нюансы аплаты, а галоўнае – гарантыі выканання абавязацельстваў.
І памятайце: лепш самому папярэдзіць злачынства, чым адчуць на сабе яго негатыўныя наступствы.
Узбуджана больш за 10 крымінальных спраў гэтай катэгорыі.
Віталій ЛАБАНАЎ,
начальнік РАСК.