Далоў «анархію» на рэкламным «фронце»!

Рэклама – рухавік прагрэсу. Гэты слоган даўно і трывала ўвайшоў у нашу свядомасць. Аспрэчваць яго не варта: добрая, этычная, ненавязлівая рэклама дапамагае абодвум, вобразна кажучы, «бакам прылаўка». Сродкі масавай інфармацыі таксама аказваюць рэкламныя паслугі – у «ЛВ» ёсць нават спецыяльны аддзел. Газетчыкі і ў гэтым накірунку працуюць строга па законе. Напомню, закон так і называецца: «Аб рэкламе».


Дарэчы, для яе, у тым ліку вонкавай, вызначаецца і месца, і час. Дык вось пра месца. У горадзе ёсць некалькі вітрын для такой мэты. Рэкламным шчытом можна лічыць усю ўнутраную паверхню крытых павільёнаў-прыпынкаў гарадскога аўтобуса (нават змешчана інфармацыя наконт кошту знаходжання тут аб’явы на працягу месяца). Ну і што мы маем? Маем мы мноства прыкладаў таго, што рэклама бывае парушальніцай. Не толькі па змесце, але і па форме. Вось на «форменны» аспект хочацца звярнуць увагу. Таму прапаную паглядзець на сцены ляхавіцкіх прыпыначных павільёнаў звонку. Аблепленыя рэшткамі паперы, яны стракацяць і старой, і новай рэкламна-аб’яўнай прапановай: «куплю», «прадам», «грошы ў доўг», «модны базар»… Працягваць няма сэнсу, таму што ўсё гэта і многае іншае кожны можа ўбачыць сам. Як, дарэчы, і звышнавязлівае зазыванне пазычыць грошы без даведак, паручыцеляў і залогу. Адзінае патрабаванне – узрост ад 18 гадоў. Нумар тэлефона, па якім звяртацца за інфармацыяй, указаны ў першым радку аб’явы. Растыражаваны тэкст абляпіў і электраслупы ў прыватным сектары. Калі на нейкім такога лістка не знойдзеце, гэта зусім не азначае, што яго тут не было: ці прахожыя сарвалі, ці вецер-дождж пастараліся. Важкасць тыражу менавіта гэтай аб’явы ўражвае, як, дарэчы, і змест.

А яшчэ паўстае пытанне: чаму адказныя за эстэтыку гарадскіх вуліц, добраўпарадкаванне, навядзенне і падтрыманне парадку не паставяць кропку ў гэтай рэкламнай «анархіі»? Тым больш, што, як мінімум, тэлефон рэкламадаўцаў-парушальнікаў вядомы – пазначаны ў абавязковым парадку на кожным экзэмпляры кожнай прапановы. Ды і расклейшчыкі аб’яў сваю работу выконваюць не ноччу і не ўпотай. Не вельмі даўно з адным з іх «высвятляла адносіны» на гэту тэму.


…Мы з дажджом ішлі адначасова: ён паліваў, бы з вядра, я рушыла на абед і на сваёй вуліцы ўразілася карцінай, мастацкай выразнасці якой пазайздросціў бы любы рэжысёр. Асоба ў дажджавіку з капюшонам, у зацемненых акулярах на паўтвару перамяшчалася па Цітовіча з касмічнай скорасцю. Адпрацаваным жэстам датыкалася да чарговага слупа – і ён станавіўся носьбітам рэкламы.
Такая «вятранка» (пераважна дзіцячая хвароба) на твары нашага ўтульнага і даволі дагледжанага гарадка патрабуе лячэння. Калі глядзець на праблему павярхоўна – то касметычнага, калі глыбей – то і прафілактыкі. Дарэчы, было б справядлівым запрасіць да правядзення касметычнай чысткі слупоў, сцен і г. д. абанентаў, чые тэлефонныя нумары ўказаны ў аб’явах-парушальніцах, і гэта стала б адначасова лячэннем і прафілактыкай.


…Рэклама не толькі ў СМІ (у газетах, на радыё, тэлебачанні, у інтэрнэце), але і вонкавая – на бігбордах, на транспарце, на сценах, у бягучых радках – параўнальна нядаўна папоўнілася ў Ляхавічах вітрынамі ці не ля ўсіх пад’ездаў шматпавярховікаў. Пра апошнюю акалічнасць паклапаціліся камунальнікі. І гэта правільна – забяспечвае цывілізаванасць у вырашэнні пытання, якое заўсёды было, ёсць і будзе, таму што камусьці трэба нешта прадаць-купіць, у кагосьці прапаў дамашні чатырохлапы пітомец, а нехта… Аптымальны варыянт для таго, каб не заклейвалі аб’яўкамі дзверы-сцены пад’ездаў, і знайшоў жылкамунгас. А вось у публічных месцах сітуацыя іншая – глядзіце здымкі, зробленыя днямі ў Ляхавічах.
Мы ўжо даўно не рушым на чырвоны агеньчык святлафора: захоўваем дарожны этыкет – клапоцімся пра бяспеку асабістую і іншых, засцерагаем сябе ад штрафу, зрэшты, паводзім цывілізавана. А вось па тэме, якая стала прычынай гэтых нататкаў, парушэнняў больш, чым трэба. І не рэклама бывае парушальніцай, а рэкламадаўцы.

Вольга БАРАДЗІНА.