Аматарам спорту віза не спатрэбіцца

Больш за чатыры тысячы спартсменаў, трэнераў і персаналу, каля 30 тысяч замежных балельшчыкаў – такі наплыў гасцей чакае Мінск напярэдадні і падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. Як паведамлялася, з 10 чэрвеня па 10 ліпеня для замежных балельшчыкаў устанаўліваецца бязвізавы ўезд у нашу краіну. Адпаведны ўказ Кіраўнік дзяржавы падпісаў яшчэ мінулым летам.

МУС Беларусі нагадвае, што ўехаць без візы на ІІ Еўрагульні можна не толькі праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск», але і іншыя пункты пропуску, а таксама з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Абавязковай умовай бязвізавага ўезду для турыстаў з 74 дзяржаў, пералічаных у дадатку да Указа № 8 ад 9 студзеня 2017 года, з’яўляецца наяўнасць сапраўдных дакументаў для выезду за мяжу, а таксама арыгінальнага ці электроннага білета на самі спаборніцтвы, у тым ліку на цырымоніі адкрыцця і закрыцця гульняў.

Для ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў, а таксама афіцыйных прадстаўнікоў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, замежных спецыялістаў па пытаннях барацьбы з допінгам у спорце і допінг-кантролю, замежных валанцёраў, калектываў мастацкай творчасці, адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу, прыцягнутых да падрыхтоўкі і правядзення Еўрагульняў, бязвізавы рэжым устаноўлены з 20 мая.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь госці абавязаны на працягу пяці сутак, за выключэннем нядзелі, дзяржаўных святаў і святочных дзён, зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання.

З 21 па 30 чэрвеня падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі г. Мінска будуць працаваць таксама ў выхадныя дні з мэтай рэгістрацыі замежных турыстаў. Памер дзяржаўнай пошліны за даную працэдуру складае адну базавую велічыню (25,5 рубля).

У выпадку размяшчэння ў гасцініцы, санаторна-курортнай і аздараўленчай арганізацыі, суб’екце агра-экатурызму, рэгістрацыя іншаземцаў ажыццяўляецца такімі суб’ектамі самастойна.

З 2 студзеня 2019 года на адзіным партале электронных паслуг (portal.gov.by) рэгістрацыя іншаземцаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, ажыццяляецца ў электроннай форме. Даная працэдура даступная іншаземцам, якія ўехалі ў нашу краіну ў пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь (тыя, хто прыбыў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, для рэгістрацыі павінны звяртацца асабіста ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі). Рэгістрацыя па заяве, пададзенай праз асабісты кабінет на адзіным партале электронных паслуг (portal.gov.by), праводзіцца без спагнання дзяржаўнай пошліны.

Для падаўжэння тэрміна рэгістрацыі неабходна асабіста звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў па месцы знаходжання ў Беларусі.

Валянціна БАБІЧ, начальнік аддзялення  па грамадзянстве і міграцыі РАУС.