У небе і на зямлі. 22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

78 гадоў назад здарыўся самы чорны дзень у гісторыі нашай зямлі: 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вайна-забойца, вайна-мучыцелька, вайна-знішчальніца забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса. З першых яе дзён пайшоў адлік страшэнных выпрабаванняў для Ляхавіцкага раёна, які акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. І фактычна з першых дзён пачалася барацьба за мір, за Перамогу. Пра многае з гэтага гераічнага шляху расказана ў кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён». Некалькі са шматлікіх эпізодаў, занатаваных у выданні, якія датычаць першых дзён Вялікай Айчыннай, прапануем нашым чытачам.

Здарылася гэта 24 чэрвеня 1941 г. Памочнік камандзіра 39-га авіяпалка бамбардзіроўшчыкаў капітан Анатоль Антонавіч Заяц вёў дзевятку самалётаў, каб знішчыць праціўніка, які рухаўся на шашы Брэст-Масква. 

Яны зайшлі з захаду, нанеслі бомбавы ўдар па ворагу паміж ракой Шчара і в. Завінне і пачалі  адыход у бок Пінска.  Нашы самалёты ляталі без прыкрыцця знішчальнікаў, і калі нечакана з’явіліся «месершміты», то адразу завязаўся няроўны бой. Адзін з нашых самалётаў загарэўся і ўпаў на ўрочышча Ячань.  Яшчэ два самалёты былі падбіты каля вёскі Свяціца, але лётчыкі сумелі пасадзіць машыны на балоце.

Прозвішчы іх нам пакуль невядомы. Адзін з самалётаў удала прызямліўся каля вёскі Тухавічы. Пілот быў паранены ў плячо. Рану яму апрацавалі і перавязалі медыкі Крывошынскай участковай бальніцы. Лётчык падзякаваў за дапамогу і накіраваўся ў бок станцыі Буды.

Каля в. Рагачы сеў падбіты самалёт. Да яго збегліся людзі, дапамаглі экіпажу пакінуць самалёт, а праз некалькі хвілін узарваўся бензабак. Адзін з лётчыкаў быў мёртвы. Таварышы назвалі яго прозвішча – Кучарэнка Іван (Аляксей) Паўлавіч. Жыхары вёскі пахавалі яго на могілках, паставілі помнік. Два іншыя лётчыкі былі цяжка паранены. У камандзіра экіпажа (назваўся Паўлавым) былі пераломы рук і ног, абпалены твар і грудзі. Мясцовыя жыхары перавязалі раны, каб спыніць крывацёк, і даставілі лётчыкаў у Ганцавічы.

Не вярнуўся на свой аэрадром і А. А. Заяц. Яго ахоплены полымем
самалёт пайшоў у бок в. Раздзялавічы. Фашысцкія сцярвятнікі рынуліся за ім. У выніку абстрэлу загінуў штурман Іван Васільевіч Новікаў.  Капітан Заяц пасадзіў палаючую машыну, паспеў выскачыць разам са стралком-радыстам Васілём Пятровічам Звярковым, і тут узарваліся бензабакі.  Штурмана жыхары пахавалі, а іх давезлі да станцыі Ганцавічы. А. А. Заяц і В. П. Звяркоў, дабраўшыся да свайго аэрадрома, пераганялі разам з баявымі сябрамі ўцалелыя машыны пад Маскву. Ваявалі ў маскоўскім небе. А. А. Заяц скончыў службу ў званні генерал-маёра. Старшына В. П. Звяркоў таксама прайшоў усю вайну і скончыў яе ў званні маёра.

У чэрвені 1941 г.  лётчыкі 130-га скораснага  бамбардзіровачнага
авіяпалка наносілі бомбавы ўдар па нямецкай мотапяхоце ў раёне
Івацэвічы-Бяроза. У баі 25 чэрвеня 1941 г. у саставе эскадрыллі ўдзельнічаў экіпаж капітана Б. У. Бастанжыева. Яго самалёт быў падбіты і загарэўся.  Лётчык прызямліўся на парашуце, але быў вельмі абгарэлы.  Мясцовыя жыхары Бярозаўскага раёна Рыгор Пунько, Мікалай Макоўчык і Фама Садоўскі аказалі яму дапамогу. Рыгор Пунько даў сваё рабочае адзенне і прафсаюзны білет, які быў без фотакарткі. Так лётчык стаў Пунько Рыгорам Аляксеевічам, цесляром з Броннай Гары.

Яго паслалі ў вёску Новыя Пескі і параілі звярнуцца да доктара Князева. Медыцынскія сёстры Б. І. Шыла, А. Х. Гарошка і доктар Князеў рабілі ўсё магчымае, каб падняць на ногі савецкага лётчыка, але раны загойваліся марудна. Фашысты пачалі шукаць нашых лётчыкаў.  Заставацца ў бальніцы было небяспечна.

Некаторы час Бастанжыеў жыў на хутары ў Вішнеўскіх, потым стаў прабірацца на ўсход. У Бярозе ўдалося атрымаць нямецкі дакумент на імя Рыгора Пурыка, але неўзабаве захварэў запаленнем лёгкіх. І зноў на дапамогу прыйшлі беларускія сяляне. На гэты раз яго прыняла вялікая сям’я Мікалая Данілавіча Уласеня з хутара Нетчын Ляхавіцкага раёна. Там лётчык сустрэў надзейных сяброў.

Суседзі Уласеня Іосіф Іосіфавіч Дыдышка і Аляксандр Іванавіч Бурбацкі дапамаглі Бастанжыеву атрымаць «аўсвайс». З гэтым дакументам ён хацеў прабрацца на ўсход, але быў арыштаваны і вывезены на катаржныя работы ў Германію.  У красавіку разам з іншымі патрыётамі арганізаваў уцёк, удзельнічаў у Пражскім паўстанні.Б. У. Бастанжыеў працягваў службу ў радах Ваенна-Паветраных Сіл. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннайвайны І ступені і Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Жыў і працаваў у Калузе.

На тэрыторыі раёна вядомы месцы гібелі савецкіх самалётаў каля вёсак Куршынавічы, Гайнінец, Меляхі, Смаленікі, але імёны членаў экіпажаў застаюцца яшчэ невядомымі. Следапыты працягваюць пошукі.  Жыхар вёскі Цыгань А. А. Сахон расказаў следапытам, што калі нашы самалёты вярталіся з баявога задання, то адзін з іх быў падбіты і ўпаў на балоце каля в. Меляхі. Два лётчыкі выратаваліся, а трэці загінуў. Яны абодва былі маладыя лейтэнанты, выйшлі на хутар да Сахона і папрасілі паесці і адзенне, каб пераапрануцца.

На развітанне сказалі, што яшчэ пакажуць, як умеюць ваяваць…

Леанід Чаранкевіч.
Кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён».

У Вялікую Айчынную

Вераломны напад гітлераўскай Германіі перарваў стваральную працу савецкіх людзей. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны народ стаў на абарону сваёй Радзімы.

Ужо 24 чэрвеня 1941 г. на тэрыторыі раёна каля в. Завінне 55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з ворагам. 25 чэрвеня баі працягваліся на рацэ Шчара. Вось што расказаў Міхаіл Попка, які
хлапчуком бегаў са сваімі сябрамі да ракі пасля таго, як скончыўся бой: “ Уся ўскраіна лесу была пераарана снарадамі. Гарматы
папсаваны, каля іх шмат забітых. За агнявымі пазіцыямі ў лесе могілкі коней.

У гэтых баях загінула шмат савецкіх воінаў. Толькі ў брацкай магіле ў в. Завінне пахавана больш за 200 байцоў. На месцы баёў на рацэ Шчара ў 1967 г. насыпаны Курган Славы.

Ажыццяўляючы свае чалавеканенавісніцкія планы, нямецка-фашысцкія захопнікі ўстанавілі на тэрыторыі раёна крывавы акупацыйны рэжым. Ахвярамі захопнікаў найперш сталі савецкія
актывісты, былыя члены КПЗБ, камсамольцы. Фашысты рабавалі і спальвалі вёскі, за час акупацыі знішчылі каля 5 тысяч мірных жыхароў, больш за 500 чалавек вывезлі на катаржныя работы ў Германію…

24 чэрвеня 1941 г. падраздзяленні 111-га стралковага палка, 129-ы асобны знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён і адзін дывізіён 141-га
гаўбічнага артылерыйскага палка спыніліся на прывал каля вёскі Завінне, на 191-м кіламетры шашы Брэст-Слуцк. Сюды прыбыў і штаб 55-й стралковай імя К. Я. Варашылава дывізіі.

Каля дзесяці гадзін раніцы за далёкім лесам прагрымелі артылерыйскія выстралы, прагучалі доўгія кулямётныя чэргі. Неўзабаве ў размяшчэнне штаба дывізіі вярнуліся разведчыкі. На тварах сляды парахавога дыму, поту і пылу. Камандзір бронеаўтамабіля падбег да начальніка штаба дывізіі Г. А. Тэр-Гаспарана.

– Таварыш падпалкоўнік, рота трапіла ў заса-
ду…– і асекся, не знаходзячы слоў, каб коратка, па
ўставу далажыць пра самае галоўнае.
– Страты?
– Нашы – чатыры танкі і два бронеаўтамабілі.
– Нямецкія?
– Тры танкі і два артылерыйскія разлікі.
Праз некалькі хвілін паступіла каманда: падрых-
тавацца да бою. Ад падраздзялення да падраздзя-
лення пераходзіў батальённы камісар І. В. Опытаў,
бальшавіцкім словам натхняў людзей перад іх
першым боем…

За мужнасць і гераізм пры адбіцці танкавых атак у раёне ракі Шчара 24-25 чэрвеня 1941 года вялікая група воінаў 55-й стралковай імя К. Я. Варашылава дывізіі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1941 года была ўзнагароджана высокімі ўрадавымі
ўзнагародамі. Ордэнам Чырвонага Сцяга былі адзначаны подзвігі камандзіра гарматы сяржанта Якава Рыгоравіча Рыбака,камандзіра
гарматы сяржанта Васіля Мікалаевіча Расказава, камандзіра агнявога ўзвода малодшага лейтэнанта Рыгора Піліпавіча Брыклі, наводчыка гарматы сяржанта Фатыха Хусаінавіча Кадраліева і іншых байцоў і камандзіраў дывізіі. Многія воіны былі ўзнагароджаны пасмяротна.

Кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён».