Кляшчы наступаюць. З пачатку года больш за 18 тысяч чалавек звярнулася за медыцынскай дапамогай з-за ўкусаў кляшчоў

З пачатку года больш за 18 тысяч чалавек звярнулася за медыцынскай   дапамогай  з-за ўкусаў  кляшчоў, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Найбольшая колькасць пацярпелых адзначана ў Мінску,  Гродзенскай  і Брэсцкай абласцях, найменшая – у Гомельскай вобласці, расказалі ў ведамстве.

Часцей за ўсё кляшчы нападалі на людзей у лесе, сельскай мясцовасці і на дачных участках – каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці зарэгістраваных выпадкаў.

У Беларусі штогод рэгіструюць каля дзвюх тысяч выпадкаў хваробы Лайма і больш за сто выпадкаў клешчавага энцэфаліту. Узбуджальнікі гэтых захворванняў перадаюцца чалавеку ў асноўным праз прысмоктванне заражаных іксодавых кляшчоў. Заразіцца клешчавым энцэфалітам магчыма пры ўжыванні сырога казінага малака ад заражаных жывёл.

Ідучы ў лес, парк ці на любую тэрыторыю , дзе сустракаюцца кляшчы, неабходна прытрымлівацца пэўных правіл. Штаны павінны быць запраўлены ў шкарпэткі або боты, верхняя частка адзення (кашуля, куртка) – у штаны, а манжэты рукавоў шчыльна прылягаць да рук. На галаву пажадана надзець капялюш ці хустку. Лепш, каб адзенне было аднатонным і светлым – на ім кляшчы больш прыкметныя.

Выбірайце для адпачынку, стаянкі ці начоўкі месца ў сухім сасновым лесе з пясчанай глебай ці ўчасткі без травяністай расліннасці. Пасля вяртання з лесу неабходна правесці поўны агляд цела і адзення.

Пры знаходжанні  кляшча , які прысмактаўся, трэба звярнуцца ў бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя. Калі такая магчымасць адсутнічае, трэба выдаліць яго самастойна з выкарыстаннем спецыялізаваных устройстваў або ніцяной пятлі. Лепш правесці лабараторнае даследаванне выдаленага кляшча. Для гэтага яго неабходна змясціць у чысты флакон і шчыльна закрыць.

Калі на працягу месяца пасля ўкусу кляшча ёсць змяненні ў самаадчуванні (павышэнне тэмпературы, болі ў мышцах, галаўны боль або чырвоную пляму на месцы прысмоктвання, якая
павялічваецца), неабходна звярнуцца да ўрача.

Факт. З пачатку года ў медустановы раёна па дапамогу пасля ўкусаў кляшчоў звярнуліся 48 чалавек. З іх адзін быў заражаны лайм-барэліёзам.

Па матэрыялах БЕЛТА.