Ляхавіцкае райпо пакарае сталіцу

Кожную суботу ў беларускую сталіцу на асенні кірмаш накіроўваецца 3 машыны райпо. Вязуць на продаж сельскагаспадарчую прадукцыю, нарыхтаваную ў насельніцтва: бульбу, капусту, цыбулю, кабачкі, гарбузы, яблыкі, буракі, моркву, сухафрукты і іншае. Даспадобы мінчанам прыйшліся мочаныя яблыкі, квашаная капуста, салёныя агуркі. Гандаль праходзіць на розных кірмашах Мінска.
— Карыстаюцца павышаным попытам фасоля, часнок, гарбузовыя семачкі, — расказвае начальнік аддзела арганізацыі гандлю райпо Святлана Ракуць. — Нашу плодаагародніну ўжо чакаюць і ведаюць — прывабліваюць даступныя цэны, якасная і смачная прадукцыя.
З удзячнасцю адгукаюцца мінчане аб арганізацыі выязнога гандлю Ляхавіцкага райпо. Загадзя фарміруюцца заказы: пакупнікі нават выбіраюць сарты яблыкаў, бульбы, асартымент продажу пастаянна пашыраецца. Тройчы выязджалі райпоўцы гандляваць, і, як кажуць, сябе паказаць — гэта стварае рэкламу таварыству і прыносіць пэўны прыбытак: рэалізавана прадукцыі на 220 мільёнаў рублёў. Актыўны ўдзел у кірмашовым гандлі прынялі прадаўцы Ала Траццяк, Таццяна Варатынец, Паліна Шчаноўская.
— На чарговым кірмашы ў сталіцы, 20 кастрычніка, плануем у дадатак да гародніны гандаль мясам і мяснымі паўфабрыкатамі, — дадае Святлана Станіславаўна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *