Свята духоўнасці. У Ляхавічах у адноўленым касцёле Святога Юзафа адбылася першая імша

Шмат гадоў у гэтым будынку размяшчалася бальніца. Але старажылы памяталі, што раней тут быў каталіцкі храм у неагатычным стылі. Дарэчы, з гэтым будынкам асацыюецца імя шляхціча Іосіфа Рэйтана, які ахвярваў сродкі на яго ўзвядзенне.
А 4 верасня ўсё, як кажуць, вярнулася на свае месцы. Пасля двух гадоў аднаўленчых работ колішні храм ізноў адчыніў дзверы для вернікаў. Сапраўднае свята духоўнасці – у адноўленым касцёле Святога Юзафа адбылася першая імша.
На ганку касцёла Біскупа Антонія Дзям’янку і святароў з нашага і іншых раёнаў сустракала сям’я Сяргей, якая ад імя вернікаў папрасіла асвяціць вернуты да ўжытку храм. А вернікі розных канфесій літаральна акружалі ўваход, каб не ўпусціць сімвалічны момант. Дарэчы, раздзяліць радасць свята прыйшлі і суседзі касцёла – супрацоўнікі райбальніцы.
Асаблівы гэты дзень для ксяндза Паўла Мазана. Цяпер ён будзе служыць у касцёле Святога Юзафа ў Ляхавічах. Велічнасць і непаўторнасць моманту стваралі хор Пінскай дыяцэзіі і пеўчыя Ляхавіцкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.
Напрыканцы ўрачыстасці быў пад-пісаны ліст аб вяртанні і асвячэнні касцёла, дакумент будзе захоўвацца ў архіве Пінскай курыі.
У наступным годзе касцёл справіць 110-годдзе з дня будаўніцтва. На ўрачыстасці прысутнічалі людзі, якія калісьці прымалі тут першую камунію.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.