Прафесія, у якой не бывае дробязяў. 12 верасня сваё прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі органаў папярэдняга следства

Пра асноўныя задачы, што стаяць перад райаддзелам Следчага камітэта, і пра тое, як яны вырашаюцца, – у размове з начальнікам РАСК падпалкоўнікам юстыцыі Віталіем ЛАБАНАВЫМ.

– Віталій Аляксандравіч, акрэсліце, калі ласка, асноўныя накірункі работы аддзела.
– Падчас жнівеньскай нарады па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў па выяўленні і расследаванні злачынстваў Прэзідэнт краіны
Аляксандр Лукашэнка вызначыў у якасці першачарговай задачы ўсёй праваахоўнай сістэмы абарону жыцця і правоў чалавека. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што праваахоўнікі абавязаны забяспечваць прэзумпцыю невінаватасці, адначасова павінен дзейнічаць прынцып няўхільнасці пакарання за злачынства. Былі пастаўлены канкрэтныя пытанні і перад падраздзяленнямі Следчага камітэта.
З моманту ўтварэння СК адна з асноўных яго задач – усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае расследаванне злачынстваў.
Сёлета за восем месяцаў падчас папярэдняга следства супрацоўнікі Ляхавіцкага РАСК не дапусцілі фактаў незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, незаконных затрыманняў. Пра якасць работы нашых следчых гаворыць і тое, што судом не выносіліся апраўдальныя прыгаворы па сабраных райаддзелам справах, пракурор не накіроўваў крымінальныя справы на дадатковае расследаванне. За апошнія гады пракуратурай не адменена ні адной пастановы, вынесенай следчымі РАСК аб узбуджэнні крымінальнай справы. І гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны.
Неабходна прымаць усе меры, каб улада закона была бясспрэчнай. А тыя, хто пераступае мяжу закона, атрымалі па заслугах. Але нельга забываць пра справядлівасць, паколькі любое злачынства датычыцца лёсаў людзей – пацярпелых і падазроных, іх сем’яў.
За восем месяцаў 2019 года ў вытворчасці следчых Ляхавіцкага РАСК знаходзілася 206 крымінальных спраў, з якіх 74 перададзены пракурору для накіравання ў суд. Прычым, у тэрмін да аднаго месяца завершана 61 справа – больш за 70 працэнтаў. Важна, што аператыўнасць расследавання спалучаецца з якасцю папярэдняга следства. На карысць гэтага і цеснае ўзаемадзеянне райаддзела СК з іншымі праваахоўнымі структурамі.

– Якія злачынствы даводзіцца расследаваць часцей за ўсё?
– Пераважная колькасць крымінальных спраў – крадзяжы. У асноўным асабістай маёмасці грамадзян. Сёлета накіравалі ў суд справы па 27 крадзяжах. Пацярпелым зладзеі нанеслі страты на агульную суму больш за 15000 рублёў, 11500 рублёў грамадзянам вернуты.
Калі гаварыць пра сёлетнія рэзанансныя справы, узгадаю звязаную з махлярствам у адносінах пажылых людзей – найбольш неабароненай часткі насельніцтва. Па гарачых слядах раскрылі злачынства, учыненае супраць 80-гадовай жанчыны: у яе ўкралі 4000 рублёў. Зладзейку, асобу цыганскай знешнасці, знайшлі, зараз яна знаходзіцца пад вартай. Падчас следства высветлілася, што падазроная раней ужо трапляла ў поле зроку праваахоўнікаў за супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні састарэлых людзей.
Акрамя таго, расследаваны чатыры грабяжы. Пяць крымінальных спраў маюць дачыненне да дарожнай бяспекі: узбуджаны па фактах паўторнага на працягу года затрымання вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Даводзіцца канстатаваць, што, як і раней, п’яная язда – адна з прычын трагедый на дарогах.
Зарэгістраваны нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў (артыкул 147 Крымінальнага кодэкса), тройчы – пагроза забойствам, ва ўсіх выпадках муж пагражаў жонцы. 11 спраў узбуджана ў дачыненні тых, хто не плаціць аліменты на ўтрыманне сваіх дзяцей.
Адзначаны і злачынствы іншай накі-раванасці, у прыватнасці, крадзеж шляхам перавышэння службовых паўнамоцтваў.

– Наколькі актуальная для нашага раёна наркатычная праблема?
– Прыемна канстатаваць: сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Сёлета не зарэгістравана ніводнага злачынства па лініі наркотыкаў. Лічу, што гэтаму паспрыяла выніковая прафілактычная работа з боку і праваахоўных органаў, і педагогаў. Сапраўды, калі гады тры назад неаднаразова выяўляліся маладыя людзі ў грамадскіх месцах у стане наркатычнага ап’янення, то цяпер такія выпадкі – выключныя.

– Інтэрнэт становіцца ўсё даступней. Расце і колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Наколькі часта следчым даводзіцца сутыкацца са злачынствамі такога кшталту?
– Нельга сказаць, што ў нашым  раёне злачынствы ў сферы інфарма-цыйных тэхналогій сярод самых распаўсюджаных, аднак, яны ёсць і кваліфікуюцца, у асноўным, па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса «крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі»: банкаўскія карткі, пін-коды і іншае рознымі спосабамі трапляюць у рукі злачынцаў. Так, жыхар Ляхавіцкага раёна ўкраў у знаёмай банкаўскую картку  і зняў з яе 254 рублі. Крымінальная справа расследавана і накіравана ў суд.
Карыстаючыся выпадкам, нагадаю землякам пра неабходнасць быць уважлівымі і абачлівымі. Трымайце пін-код у сакрэце, не паведамляйце яго сябрам, знаёмым, тым больш у інтэрнэце, не перасылайце нікому фота сваіх банкаўскіх картак і ні ў якім разе не пішыце пін-код на самой картцы.

– Віталій Аляксандравіч, як бы вы ахарактарызавалі калектыў Ляхавіцкага РАСК?
– Сярэдні ўзрост нашых следчых – 35 гадоў, абавязкова – вышэйшая юрыдычная адукацыя. Асноўныя якасці – абвостранае пачуццё справядлівасці, адказнасць за свае ўчынкі, прынцыповасць, уважлівасць, дысцыплінаванасць і, канешне, прафесіяналізм. Упэўнены, следчы павінен прапускаць праз сябе чужы боль, умець суперажываць і быць шчырым у жаданні дапамагчы чалавеку. А яшчэ – інтэлектуалам, усебакова развітым і адукаваным чалавекам.
Кадравы састаў Ляхавіцкага РАСК абнаўляецца. Да нас у мінулым годзе прыйшлі пасля заканчэння ВНУ два маладыя следчыя – дастойнае папаўненне.
Нашы супрацоўнікі маюць нямала заахвочванняў. Вось і сёлета да прафесійнага свята граматай Брэсцкага абласнога ўпраўлення СК узнагароджаны следчы капітан юстыцыі Аляксандр Еўхач. Сёлета ў яго вытворчасці знаходзілася 38 крымінальных спраў.
З кожным са сваіх падначаленых пайшоў бы ў разведку, давяраю ім.
І ад душы хачу павіншаваць калег з прафесійным святам. Жадаю ім моцнага здароўя, поспехаў у агульнай справе на карысць грамадства, ладу і дабрабыту ў дамах і сем’ях.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.