Лясныя адносіны. 15 верасня – Дзень работнікаў лесу

В.а. дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Сяргей Амбражэй (у цэнтры) і супрацоўнікі дзяржаўнай лясной аховы Пётр Шадура, Віктар Заяц, Людміла Куліна, Аляксандр Лебядзеўскі.

Для іх лес – любімая работа. Яна пачынаецца з ашчаднасці, з разумення: зялёнае багацце павінна і праз многія пакаленні здзіўляць сваёй веліччу, прыгажосцю, быць крыніцай дабрабыту і натхнення для чалавека. Усё гэта галоўны клопат людзей у форменным зялёным адзенні – у тых, чыя штодзённая праца звязана з лясной гаспадаркай.

Не кожны здольны

В.а. дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Сяргей Амбражэй упэўнены: толькі адданыя сэрцам лясной справе людзі гатовы штодзённа працаваць, разумеючы, што вынік іх работы будзе бачны не сёння і не заўтра. Толькі праз дзесяцігоддзі, напрыклад, высаджаныя елачкі ці бярозкі створаць маляўнічы пейзаж.
Нездарма такая прафесія часта становіцца сямейнай справай.
Сам Сяргей Мікалаевіч ляснічы ў трэцім пакаленні. З гонарам гаворыць пра бацьку і дзеда, якія прысвяцілі жыццё лесу.
І хоць ён з баранавіцкімі каранямі, але ўсё ж тут, на Ляхавіччыне, у Востраўскім лясніцтве працягваў прафесійную дынастыю.
Дарэчы, Крывошынскае лясніцтва багатае на такія лясныя дынастыі. За трыццаць гадоў перасягнуў працоўны стаж ляснічага Пятра Пастарнакевіча і яго сястры  бухгалтара цэха дрэваапрацоўкі Святланы Гатоўчыц. А іх бацька некалі працаваў тут больш за 40 гадоў майстрам лесу.
Працягвае сямейную справу і ляснік Віталій Кляцкоў, чые бацькі больш за чатыры дзесяцігоддзі адпрацавалі ў Крывошынскім лясніцтве. Ён перакананы, што любоў да зялёнага сябра і шчыры клопат пра яго ў многім выхоўваюцца прыкладам самых блізкіх.
Нездарма сярод узнагароджаных з нагоды Дня работнікаў лесу гучаць і
ляхавіцкія прозвішчы. Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі адзначаны вадзіцель на вывазцы лесу Сяргей Махнач,  падзяка міністра лясной гаспадаркі адрасавана памочніку ляснічага Востраўскага лясніцтва Васілію Сельмановічу. Нагрудны знак «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» з’явіцца на форменным адзенні ляснічага Ляхавіцкага лясніцтва Віктара Зайца.
Калектыў лясгаса штогод папаўняецца маладымі кадрамі. Сёлета, напрыклад, пачынае сваю працоўную біяграфію лесніком Ціхан Лойка.
Працаваць з падрастаючым пакаленнем тут лічаць важнай і неабходнай задачай. А іх малодшыя памочнікі, у сваю чаргу, заўсёды гатовы падтрымаць ініцыятывы лясгаса.
Толькі ўявіце, што падчас «Тыдня лесу» школьнікі раёна далі жыццё больш як 103 тысячам дрэўцаў. На тэрыторыі Мядзведзіцкага лясніцтва шмат гадоў дзейнічае школьнае лясніцтва на базе Тальмінавіцкай СШ.
Увогуле, у склад лясгаса ўваходзіць шэсць лясніцтваў. Акрамя названых, яшчэ Куршынавіцкае, Навасёлкаўскае. Працуе цэх дрэваапрацоўкі.

Пра Кітай, мадэрнізацыю і мядовую справу

У сваёй рабоце лясгасаўцы, у першую чаргу, арыентуюцца на высокую якасць выпускаемай прадукцыі. Гэтым і заваявалі давер на рынку збыту, які стабільна пашыраецца.
Напрыклад, запатрабаваная на сусветным рынку шчапа ідзе ў Польшчу. Дровы колатыя, якія цяпер вырабляюцца ў значна большым аб’ёме, дзякуючы набытаму фінскаму дрэвакольнаму станку, не толькі рэалізуюцца насельніцтву, але і пастаўляюцца на экспарт. Ёсць попыт і на палетную дошку з ляхавіцкім адрасам вытворчасці, якая экспартуецца ў Германію, Польшчу, Іспанію. Актыўна вядзецца работа па наладжванні сувязяў з Кітаем. Туды таксама плануюць пастаўляць палетную дошку.
Хутка запрацуе новы цэх па выпуску піламатэрыялаў, якія, найперш, будуць прызначаны для экспарту. У кастрычніку прыбудзе новае абсталяванне. А гэта значыць, што чакаюцца павышэнне аб’ёмаў прадукцыі, павелічэнне якасці і глыбіні перапрацоўкі і, канешне, стварэнне новых працоўных месцаў.
За восем месяцаў выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг у лясгаса склала 3373 тысячы рублёў (экспарт – 722 тысячы рублёў).
Асобная ўвага – напаўняльнасці цяпліц, іх тэхнічнай аснашчанасці. Яны ёсць у Крывошынскім і Востраўскім лясніцтвах.
Сакавітай для лясгаса аказалася сёлетняя вясна. План перавыканалі і сабралі больш за 985 тон бярозавіку. Большасць адправілася на кансервавы завод, частка рэалізавана насельніцтву.
А лета і восень – дакладна мядовыя. Пчаляры Іван і Васілій Навумчыкі, што працуюць у Востраўскім лясніцтве, набліжаюць салодкія запасы да запланаваных трох тон гэтага ласунку.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Ляснік Віталій Кляцкоў, бухгалтар цэха дрэваапрацоўкі
Святлана Гатоўчыц і ляснічы Пётр Пастарнакевіч.
Інжынер па якасці Іван Чайкоўскі, навальшчык-звальшчык Ілья Далідзік, галоўны інжынер Юрый Цюлянкоў.
Навальшчык-звальшчык Сяргей Буцько.