Падмурак для важных высноў. З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Беларусі будзе праходзіць рэспубліканскі перапіс насельніцтва

Раней такое глабальнае мерапрыемства на тэрыторыі краіны праводзілася 10 разоў з 1897 года, апошні раз – у 2009-м. На той момант у краіне налічвалася 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек.
Перапіс, які адбудзецца сёлета, не толькі адкажа на пытанні аб колькасці і структуры насельніцтва ў спалучэнні з сацыяльна-экана-мічнымі характарыстыкамі, але і сфарміруе базіс для прыняцця рашэнняў у эканамічным і сацыяльным жыцці дзяржавы. На аснове яе вынікаў урад, органы мясцовага самакіравання будуць прымаць рашэнні па фінансаванні сацыяльнай сферы, умацаванні абараназдольнасці і ўкладанні дзяржаўных інвестыцый. Гэта важная падзея для кожнага жыхара краіны і грамадства ў цэлым.
Правядзенне перапісу насельніцтва будзе праходзіць шляхам апытання насельніцтва спецыяльна падрыхтаванымі перапісчыкамі, якія пры сабе павінны мець адпаведнае пасведчанне, спецыяльную сумку з лагатыпам перапісу і планшэт.
Выкарыстанне планшэтных камп’ютараў дазволіць аўтаматызаваць увод даных на этапе апытання рэспандэнтаў, забяспечыць высокую якасць запаўнення перапісных лістоў за кошт падключэння сістэмы кантролю і скароціць час на апрацоўку даных і фарміраванне вынікаў.
Адной з важных асаблівасцяў перапісу насельніцтва стане магчымасць для грамадзян прайсці апытанне самастойна, з дапамогай інтэрнэту.
Апытанне насельніцтва будзе праходзіць у тры этапы.
З 4 па 18 кастрычніка 2019 г. праводзіцца інтэрнэт-перапіс і апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках, у тым ліку арганізаваных у буйных арганізацыях і на прадпрыемствах. Рэспандэнтам прадастаўляецца магчымасць самастойна запоўніць перапісныя лісты ў інтэрнэце або прыйсці на стацыянарны ўчастак і паведаміць інфармацыю пра сябе. У г. Ляхавічы і Ляхавіцкім раёне будуць функцыянаваць 4 стацыянарныя ўчасткі: у горадзе – у будынку кінатэатра «Кастрычнік» (вул. Леніна, 21) і ў будынку СДЮШАР (вул. Леніна, 51), у сельскай мясцовасці – у будынках Крывошынскага і Жарабковіцкага сельвыканкамаў, так як на іх тэрыторыі пражывае 36 працэнтаў сельскіх жыхароў. З 4 па 6 кастрычніка ўчасткі будуць працаваць з 9 да 21 гадзіны, а з 7 па 30 кастрычніка ў сельскай мясцовасці – з 9 да 19, у горадзе – з 9 да 20. Акрамя таго, у перыяд з 4 па 18 кастрычніка на тэрыторыі г. Ляхавічы будзе функцыянаваць 5 мабільных стацыянарных участкаў, якія правядуць перапіс на 39 прадпрыемствах і арганізацыях нашага горада. На прадпрыемствах і арганізацыях, размешчаных у сельскай мясцовасці, будзе дзейнічаць 8 мабільных стацыянарных участкаў.
З 19 па 20 кастрычніка 2019 г. працягваецца апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках. Адначасова актуалізуюцца спісы адрасоў, якія неабходна наведаць перапісчыкам.
З 21 па 30 кастрычніка 2019 г. асноўны састаў перапісчыкаў праводзіць апытанне рэспандэнтаў па месцы жыхарства (знахо-джання) на тэрыторыі замацаваных падліковых участкаў, рэзервовы састаў часовага перапіснога персаналу працягвае апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках. Непасрэдны абход перапісчыкамі падліковых участкаў і апытанне рэспандэнтаў будзе праходзіць з 9 да 21 гадзіны.
Вольга ВЯЛІЧКА,
начальнік аддзела статыстыкі  Ляхавіцкага раёна.