Як сеецца, так і веецца

Змены адбыліся ўжо на наступны дзень. Для аграрыяў дождж, які здарыўся ў сярэдзіне тыдня, быў доўгачаканай з’явай і стаў сапраўдным бальзамам для сельскагаспадарчых палеткаў. Ён істотна падбадзёрыў рост азімых на ўжо засеяных гектарах, а стартавыя ўмовы на ўчастках, дзе сейбітам яшчэ толькі належыць папрацаваць, атрымалі больш выгадную перспектыву. Напярэдадні работу пасяўных агрэгатаў суправаджалі, а ў асабліва «цяжкіх» выпадках нават хавалі, клубы пылу. Бачныя здалёк, яны і вывелі «пасяўны тандэм» «Ляхавіцкага весніка» дакладна на патрэбны нам азімы палетак ДП «Нача».

Механізатар-сейбіт ДП «Нача»
Віктар Кунцэвіч.

Мясціны, пазначаныя дырэктарам прадпрыемства Мікалаем Тарлюком падчас папярэдняй размовы як Буракоўцы, гучалі па-новаму. А ў полі працавала новая тэхніка. Для агрэгата гэта другі ўвогуле і першы асенні палявы сезон. У трактара «Беларус-3022» працоўная біяграфія і таго больш сціплая. У адрозненне ад сеяльшчыка Віктара Кунцэвіча, на рахунку якога дзясяткі сельскагаспадарчых кампаній.
Якраз у той дзень у азімую пасяўную баразну павінна была стаць яшчэ адна адзінка тэхнікі. Усё, што зроблена да таго, – заслуга Віктара Мікалаевіча. А ў плане закладкі асноў будучага ўраджаю збожжавых у «Начы» зроб-лена нямала. Калі за аснову поспеху прыняць паказчык суадносін засеяных плошчаў да планавых, то ўбачым, што іменна «Нача» задае тэмп азімай сяўбе ў нашым раёне. Па стане на сярэдзіну тыдня, з пасяўнымі клопатамі гаспадарка справілася прыкладна на 90 працэнтаў: з вызначаных пад азімае зерне 750 гектараў палеткаў незасеянымі заставаліся каля сотні. У гэтай сувязі неабходна адзначыць належную арганізацыю не толькі сяўбы, а ўсяго комплексу работ палявой азімай накіраванасці, забяспечанасць неабходнымі матэрыяльнымі сродкамі і рэсурсамі.
Галоўным жа рэсурсам любога пачынання з’яўляецца чалавек – майстар сваёй справы.
На пытанне пра рэжым работы Віктар Кунцэвіч расказвае:
– У полі з самага ранку. А арыенцірам да завяршэння працоўнага дня служыць хуткае наступленне цемнаты. Завяршыць работу трэба з разлікам, каб мець магчымасць вярнуцца на машынны двор яшчэ пры дзённым святле – гадзін каля васьмі.
Але да васьмі яшчэ сеяць і сеяць. Пра наступленне абедзеннага тайм-аўта нагадала мабільная сталоўка. Зрэшты, абсталяваны адпаведна прызначэнню аўтобус затрымаўся па палетку зусім нядоўга –
лічаныя мінуты.
Перад тым, як заступіць на пасляабе-дзенную пасяўную вахту, Віктар Мікалаевіч нямала новага паведаміў пра сваю работу і асабліва тэхніку, на якой працуе. «Беларус-трыццатка» атрымаў высокую ацэнку ў плане надзейнасці. Пасяўны агрэгат уяўляе сабой высокапрадукцыйную машыну, здольную за змену засеяць тры і больш дзясяткі гектараў ворыва, гатовы якасна выконваць сваю работу адразу пасля плуга, без дадатковай «дашліфоўкі» паверхні глебы. Працэс камп’ютарызаваны: дастаткова задаць норму высеву і кожны з асноўных фактараў якаснай сяўбы будзе вытрымлівацца ў аўтаматычным рэжыме. У механізатара ёсць магчымасць бесперапынна кантраляваць работу кожнага з 32 на-сеннеправодаў. Аб’ёмны бункер, умяшчальнасцю да двух з паловай тон зерня дазваляе за адну запраўку засеяць немалы клін.
– У сённяшнім выпадку адной запраўкі хапае да 8 гектараў, – тлумачыць Віктар Мікалаевіч. Сённяшні ж выпадак – гэта сяўба трыцікале, якая займае частку начаўскага азімага палетка. Як, дарэчы сказаць, і амаль эксклюзіўныя паўтара дзясяткі гектараў азімага ячменю.
У цэлым па раёне засеяна прыкладна палова з адведзеных пад азімыя збожжавыя 10,4 тысячы гектараў палеткаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.