«Рэпетыцыя зімы». Верш вядомай паэткі з Ляхавіцкага раёна Веры Дыдышка

Днём кастрычніцкім прыгожым

Неспадзёўкі снег упаў.

Хіба быць такое можа?

А ён падаў, не растаў.

Пабялелі ўвачавідкі

Поле, лес і сенажаць.

Здзіўленыя аксаміткі

З клумб заснежаных глядзяць.

Ты дарма, зіма сівая,

Гоніш белыя снягі,

Лістапад пераганяеш

І прыходзіш без чаргі.

Свае снежныя дываны

Трэці дзень дарма трасеш

Не спяшайся йсці так рана,

Без цябе пакуль што лепш.

Не палохай снегам дужа,

Бо напэўна знаем мы:

Гэты снег яшчэ не сцюжа —

Рэпетыцыя зімы.

Ён яшчэ растане, згіне,

Блісне сонца на зямлі.

Але як шкада вяргіняў,

Што так хораша цвілі!..

Вера ДЫДЫШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *