Служаць два таварышы…

Для сяржантаў вайсковай часці № 25886 асобнага радыётэхнічнага батальёна. 8-й радыётэхнічнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Мікалая Профіта і Віталія Кавалёва тэрміновая служба ва Узброеных Сілах краіны пачалася пасля зімовага прызыву 2009 года. І звязана яна непасрэдна з Ляхавіцкім раёнам, дзе дыслацыруецца часць. З першых месяцаў службы юнакі зарэкамендавалі сябе як дысцыплінаваныя, адказныя, мужныя салдаты і шчырыя сябры. Мікалай і Віталій хутка авалодалі навыкамі вайсковай службы і паспяхова нясуць пачэсную варту па ахове паветраных рубяжоў Беларусі. Цяпер яны ўжо сяржанты і камандзіры аддзяленняў, з’яўляюцца прыкладам для ўсяго асабовага саставу. Патрабавальныя, аператыўныя, мэтанакіраваныя сяржанты карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і ў афіцэраў, і ў падначаленых, пастаянна ўдасканальваюцца ў авалодванні навыкамі армейскай службы. Абодва ўдзельнічалі ў мінулагодніх вучэннях “Захад-2009”, дзе паспяхова справіліся з пастаўленай зада-чай.
Як толькі выпадае вольная хвіліна, Віталій Кавалёў з задавальненнем займаецца спортам – аддае перавагу цяжкай атлетыцы. А Мікалай Профіт, які да прызыву займаўся бізнесам, самастойна вывучае іспанскую мову.
Наперадзе ў рабят яшчэ месяцы службы, але яны ўжо неаднойчы прадумвалі варыянты застацца служыць па кантракце. Што з гэтага атрымаецца, пакажа час. Але без сумнення, такія ваеннаслужачыя, як сяржанты Профіт і Кавалёў, – гонар Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Руслан ТУЦІН,
намеснік камандзіра роты
па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *