Ляхавіччына: лістапад у кастрычніцкім вымярэнні

У гісторыі кожнай краіны, кожнага народа ёсць падзеі, якія не падлягаюць забыццю. Сярод такіх і Кастрычніцкая рэвалюцыя. Залп легендарнай «Аўроры», штурм Зімняга, рэвалюцыйныя падзеі, якія далі пачатак новай эпосе, новым сацыяльным і эканамічным адносінам. Кастрычніцкая рэвалюцыя — своеасаблівы пачатак адліку значных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Мільёны людзей атрымалі магчымасць вучыцца, сталі будаваць заводы і фабрыкі, электрастанцыі, школы, бальніцы, ствараць і ўмацоўваць калектыўную сельскую гаспадарку. 95 гадоў мінула з векапомных дзён 1917 года. Электрыфікацыя і калектывізацыя, ударныя будоўлі, ліквідацыя непісьменнасці і шмат іншых значных спраў і падзей умясцілі ў сябе тыя часы.
Па-ранейшаму прадстаўнікам старэйшых пакаленняў помніцца, як святкавалі раней, адзначаны чырвоным колерам у календары сёмы дзень лістапада — святочна-ўрачысты. Шматлюдныя дэманстрацыі, гучныя лозунгі, маршы ў выкананні духавых аркестраў, а дома пасля парада — святочны стол.
І праз дзесяцігоддзі мы, беларусы, адзначаем гэты дзень, бо падзеі, звязаныя з ім, — наша гісторыя. Пра яе нагадваюць і назвы вуліц райцэнтра — Кастрычніцкая, 60 гадоў Кастрычніка. Ордэнам «Знак Пашаны» быў узнагароджаны ў мінулым стагоддзі калгас «Кастрычнік» — сённяшні СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік». У аграгарадку Падлессе па-ранейшаму стаіць помнік Уладзіміру Леніну.
Нашчадкі шануюць памяць пра гістарычныя падзеі. Што адбывалася на Ляхавіччыне ў лістападаўскія дні 1917 года? Вось сведчанні з кнігі «Памяць: «Вялікі Кастрычнік Ляхавіцкая зямля сустрэла перарэзаная лініяй фронту. Многае засталося ад тых дзён і цяпер: жалезабетонныя доты на беразе ракі Шчара, парослыя лесам акопы, помнікі-крыжы, пастаўленыя на магілах загінуўшых падчас Першай сусветнай вайны салдат рускай арміі».
Прайшлася Першая сусветная вайна і па лёсах многіх землякоў. Тысячы сталі бежанцамі, многія служылі ў арміі і флоце.
Менавіта ў 1917 годзе на легендарным крэйсеры «Аўрора» нёс службу наш зямляк М. В. Шклянік, у штурме Зімняга палаца ўдзельнічаў ураджэнец вёскі Галавачы Ф. Сакун.
«Далоў Часовы ўрад!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!», — пачало гучаць у вагонах. Так мы перайшлі на бок рэвалюцыі і разам з вайскоўцамі занялі баявыя пазіцыі, каб не даць часцям, верным Керанскаму, падысці да Петраграда», — успамінаў удзельнік кастрычніцкіх падзей 1917 года Іван Кухарчык з вёскі Зарытава…
…Ідуць гады, нараджаюцца новыя пакаленні. Памяць пра найбольш значныя падзеі гісторыі сваёй краіны і грамадства павінна беражліва захоўвацца, бо нельга развівацца і рухацца наперад, забываючы пра мінулае. Гісторыю трэба ведаць.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *