Важнае можа быць зручным. Да 18 кастрычніка можна прайсці перапіс праз інтэрнэт

Загадчык перапіснога ўчастка № 3 Аляксандр Гатоўчыц з перапісчыкамі Святланай Бушчык і Аленай Собаль.

4 кастрычніка ў краіне стартавала адна з важнейшых кампаній гэтага года. У 9 гадзін раніцы па ўсёй Беларусі адчынілі дзверы стацыянарныя перапісныя ўчасткі. На Ляхавіччыне іх чатыры: у кінатэатры «Кастрычнік» і будынку СДЮШАР у райцэнтры, а таксама ў памяшканнях Жарабковіцкага і Крывошынскага сельвыканкамаў. Дарэчы, як нагадалі ў аддзеле статыстыкі Ляхавіцкага раёна, многія працуючыя грамадзяне маюць магчымасць адказаць на пытанні перапіснога ліста ў літаральным сэнсе без адрыву ад вытворчасці, мабільныя ўчасткі пачалі «весці прыём» прама ў арганізацыях і прадпрыемствах.
А яшчэ ўпершыню ў гісторыі беларускага перапісу ва ўсіх нас з’явілася магчымасць перапісацца праз інтэрнэт. Адрасы сайтаў, дзе гэта можна зрабіць у тэрмін да 18 кастрычніка, напярэдадні атрымалі ў выглядзе СМС усе абаненты мабільных сетак. І менавіта такі вары- янт спецыялісты называюць найбольш аптымальным.
– У гэтым выпадку чалавеку не трэба самому ісці на стацыянарны ўчастак ці пускаць да сябе дадому чужога чалавека – перапісчыка. Акрамя зручнасці, гэта дасць істотную эканомію бюджэтных срод-каў, – падкрэсліла начальнік аддзела статыстыкі раёна Вольга Вялічка.
Перапіс на ўчастках будзе праходзіць па 30 кастрычніка. Пачынаючы з 21 кастрычніка, перапісчыкі адправяцца таксама па дамах і кватэрах грамадзян. Але гэта тэма для асобнай размовы.

ФАКТ

Адна з галоўных задач перапісу – устанавіць максімальна дакладную колькасць насельніцтва краіны. Ад вынікаў перапісу залежыць развіццё канкрэтнага рэгіёна. Можна будзе прыняць рашэнне аб тым, якія сродкі неабходна накіраваць у ахову здароўя, адукацыю, на будаўніцтва інфраструктуры, жылля, дзіцячых садоў і г. д.

З 1 кастрычніка пачаў работу кол-цэнтр, у якім можна атрымаць усю патрэбную інфармацыю аб правядзенні перапісу насельніцтва Беларусі. Па адзіным даведачным нумары 8-801-100-31-31 можна бясплатна даведацца пра спосабы праходжання перапісу, адрасы стацыянарных участкаў і атрымаць іншую інфармацыю.


Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.