СУП «Ліпнянка». Цукровыя надзеі

У СУП «Ліпнянка» працягваецца сельскагаспадарчы год. Падкормка азімых і ўнясенне арганікі, узняцце зябліва і транспартаванне цукровых буракоў на прыёмныя пункты ў Баранавічы – няпоўны пералік сённяшніх клопатаў.

Кіраўнік СУП «Ліпнянка» з працоўным калектывам.

Салодкія караняплоды сёлета ў сельгаспрадпрыемстве займалі плошчу невялікую – сто гектараў, але ўраджайнасць атрымалі для мясцовых земляў даволі выніковую – 400 цэнтнераў з гектара. Калі параўнаць з мінулагоднімі 250 цэнтнерамі на круг, то гэты сезон выдаўся даволі цукровым.
Не падвяла і кукуруза на зерне – урадзіла 67 цэнтнераў з гектара. Сёлета правялі эксперымент па вырошчванні кукурузы на насенне, і ён удаўся, дзеліцца аграном Яўгеній Праневіч.
Прафесійнае свята – нагода для ўшанавання лепшых. Сярод іх загадчыца зернясховішча і склада гаруча-змазачных матэрыялаў Таццяна Дыдышка, праца якой адзначана аграпрамысловым саюзам.Трактарысты-машыністы Дзмітрый Пашкевіч і Мікалай Сельмановіч узнагароджаны Падзячным пісьмом абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, Падзячным пісьмом райкама прафсаюза паботнікаў АПК –
вадзіцель Аляксандр Дыдышка. А кіраўнік сельгаспрадпрыемства Мікалай Брокар адзначаны Падзякай раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК.
Цёплых слоў за добрасумленную працу дастойны і іншыя працаўнікі, сярод якіх Раман Усцінаў. На «Кейсе» ён у сельскагаспадарчы сезон быў заняты на сяўбе кукурузы, займаўся і прасаваннем саломы. Універсальны работнік – гэта пра Івана Буйкевіча, які спраўна кіруе «Кіраўцам» на сяўбе, а падчас жніва перасаджваецца на камбайн.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.