Моманты стартавыя і галоўныя. Апошнія хвіліны адлічвае год 2025-ы. Нашы землякі прыгадваюць, чым ён быў адметны
Апошнія хвіліны адлічвае год 2025-ы. Нашы землякі прыгадваюць, чым ён быў адметны і чым запомніўся, а яшчэ – мараць, будуюць планы і спадзяюцца…
Няхай спраўджваюцца мары, а мэтанакіраванасць і працавітасць заўсёды прыводзяць да поспеху!

Сафія СІНЯГУБ, студэнтка БДМУ, выпускніца гімназіі – 2025:
– У ЦікТоку ідзе трэнд на вылучэнне галоўных момантаў 2025 года. Для мяне важны і, можна сказаць, стартавы – атрыманне залатога медаля. Падзея нумар адзін – паступленне ў Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт на стаматалагічны факультэт. Пра гэта марыла вельмі моцна і старанна рыхтавалася да экзаменаў. Момант, калі даведалася, што паступіла, успамінала не раз – такое не забываецца. За мяне хваляваліся мае бабулі і дзядулі, мама і тата, сястра Стэфанія, ды і ўсе астатнія родныя. Дзякуй ім за падтрымку і веру ў мяне. З дзяцінства ведала, што буду ўрачом. А пасля зразумела, што бачу сябе менавіта стаматолагам. Заўсёды падабалася карпатлівая работа і імкнулася зрабіць яе ідэальна. Зараз я на крок бліжэй да таго, каб ствараць прыгожыя і здаровыя ўсмешкі. Вучыцца вельмі падабаецца, нягле-
дзячы на тое, што вольнага часу зусім не застаецца.
Ведаю, што наперадзе шмат цікавага, павучальнага і вельмі важнага.
Ад універсітэта ездзіла на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Піцер – неверагодна прыгожы і маштабны горад! Пачала займацца танцамі і выступіла разам з аднагрупнікамі на «Бітве першакурснікаў». Год быў напоўнены да краёў, і цікава, што прынясе 2026-ы.

