Любоў да Айчыны пачынаецца з любві да сям’і і маленькай радзімы. Нашы землякі прыгадваюць, чым 2025 год быў адметны і чым запомніўся

Апошнія хвіліны адлічвае год 2025-ы. Нашы землякі прыгадваюць, чым ён быў адметны і чым запомніўся, а яшчэ – мараць, будуюць планы і спадзяюцца…
Няхай спраўджваюцца мары, а мэтанакіраванасць і працавітасць заўсёды прыводзяць да поспеху!

Ягор БОГДАН, адзінаццацікласнік гімназіі, пераможца міжнароднага конкурсу даследчых праектаў «Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі: адзінства праз гісторыю і культуру», пераможца рэспубліканскага агляду-конкурсу ваенна-патрыятычных аб’яднанняў:

– 2025 году хачу сказаць дзякуй, і загадаць, каб 2026-ы спраўдзіў мае мары. Для мяне гэты год хоць і выдаўся адказным і даволі напружаным з-за падрыхтоўкі да экзаменаў, але быў напоўнены прыемнымі падзеямі. Галоўная і самая яркая – удзел у губернатарскім абласным навагоднім балі, які прайшоў 23 снежня ў Косаўскім палацы. Гэта было прыгожа, казачна і нават нерэальна. Самае моцнае ўражанне – калі ўсе 30 пар вальсавалі ў зале, дзе некалі танцавалі нашы продкі.
Удзельнікаў балю вітаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч. І гэта быў зварот да кожнага з нас, да моладзі Першага рэгіёна, якая павінна ўносіць дастойны ўклад у дабрабыт роднай краіны, праслаўляць Брэстчыну і зрабіць ўсё, каб імя Беларусі і далей гучала ганарова! Баль стаў сімвалам урачыстага старту ў дарослае жыццё. Вярнуўся з упэўненасцю, што ўсё ў будучыні атрымаецца.
У нашай гімназіі з’яўляюся членам ваенна-патрыятычнага клуба «Доб-лесць пакаленняў», дзе вучаць быць сапраўднымі патрыётамі і абаронцамі нашай Радзімы. Добра разумею, што любоў і павага да Айчыны пачынаюцца з любві да сваёй сям’і і маленькай радзімы, з добрай вучобы і добрасумленнай працы. Так ёсць і так будзе!