З падпісной удзячнасцю. На працягу месяца «веснікаўцы» наведалі многія калектывы Ляхавіцкага раёна, дзе правялі Дні падпісчыка

Чарговая «веснікаўская» падпісная кампанія за плячыма. Можна на хвілінку выдыхнуць, але ні ў якім разе не спыняцца. Мы шчаслівыя ад таго, што сяброў і прыхільнікаў у «ЛВ» шмат. Яны самыя надзейныя, тыя, хто кожную сераду і суботу з нецярпеннем чакае порцыю цікавых навін, фотахроніку жыцця горада і раёна, меркаванні і разважанні землякоў.

Амаль 5000. Столькі адрасоў у «Ляхавіцкага весніка», а колькі яшчэ зацікаўленых вачэй прабягуць па радках, напісаных журналістамі. І дзеля іх газетчыкі гатовы ствараць, здзіўляць, натхняць на справы і заўсёды быць побач, дзе б вы ні знаходзіліся – на жніўным полі,за станком, на канцэртнай сцэне, у школьных кабінетах…

Падпісная каманда «веснікаўцаў» рушыла па сваім маршруце і з дня ў дзень заводзіла знаёмствы і ўмацоўвала сувязь з заўсёднымі прыхільнікамі раёнкі. Не перадаць, што адчувае газетчык, калі гучаць словы: «Падпісацца на раёнку – справа першай важнасці», «Чытаем і выпісваем». Разумееш, дзеля каго і чаго штодня на варце самых цікавых навін.

На працягу месяца «веснікаўцы» наведалі многія калектывы раёна, дзе правялі Дні падпісчыка. «ЛВ» з радасцю сустрэўся з даўнімі сябрамі, з героямі публікацый – тымі, хто славіцца сваімі справамі і дасягненнямі, з работнікамі камунгаса, райпо, райбальніцы, агракаледжа, ПМС, ДРБУ-200, РАНС, РАУС, малочнага завода, устаноў адукацыі.

«Веснік» заўсёды гатовы да супрацоўніцтва. Магчыма, і ваш калектыў хацеў бы, каб газетчыкі завіталі ў госці? Толькі з радасцю! Цудоўны настрой і падарункі – гарантаваны. Такія сустрэчы – маг-чымасць з першых вуснаў даведацца, над чым нам, «раёншчыкам», варта папрацаваць, што цікавіць вас, паважаныя чытачы.

Заўсёды чакаем сваіх падпісчыкаў у гарадскім аддзяленні сувязі. Трывалая традыцыя так палюбілася чытачам, што яны з задавальненнем чакаюць, калі ў газеце з’явіцца чарговая аб’ява пра сустрэчу. Дзякуй, што вы побач. Мы і далей будзем старацца
вас не расчароўваць.


Ад імя «веснікаўцаў»,Маргарыта КУХТА.