Ляхавіччына: «Дзень Савета» прайшоў на тэрыторыі Ганчароўскага і Куршынавіцкага сельсаветаў

У будынку былой сталовай былога ж племзавода «Ганчароўскі» выпякаецца каўказскі хлеб.

Раённая нарада «Дзень Савета» ў выязным варыянце з’яўляецца, па меркаванні ўсіх, з кім у ходзе апошняга такога мерапрыемства давялося на гэту тэму пагутарыць, эфектыўнай і дзейснай практыкай. Для боку прымаючага, для гасцей і, прыярытэтная, трэба думаць, мэта — для жыхароў канкрэтных адміністрацыйных тэрыторый і Ляхавіччыны ў цэлым.
Каб не выглядаць у нялепшым свеце, гаспадары рыхтуюцца спецыяльна і асабліва ашчадна, для госця ж, якім бы дасведчаным ён сябе ні лічыў, ёсць верагоднасць «падгледзець» і прыняць да ўвагі нешта адмысловае, свежую ідэю, нестандартнае рашэнне.
Апошні раз, а было тое ў мінулую пятніцу, тавар тварам паказвалі Ганчароўскі і Куршынавіцкі сельсаветы, экзамен на прадмет сацыяльна-эканамічнага развіцця сваіх тэрыторый (што зроблена і робіцца для павышэння ўзроўню жыцця вяскоўцаў) трымалі іх старшыні Сяргей Вараб’ёў і Уладзімір Плескацэвіч.
Сярод іншых адміністрацыйных адзінак, Ганчароўскі вызначаецца адсутнасцю сельгасарганізацыі. У гэтым яго асаблівасць, як і ў тым, па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча, яго ж праблема. Між тым, наваколле бліз месца першага прыпынку ўдзельнікаў нарады наводзіць на думкі пра былую вытворчую значнасць мясцовай сельгасарганізацыі. Будынкі колішніх рамонтна- механічных майстэрняў, адміністрацыйны корпус зараз не задзейнічаны. Да таго ж, кансервацыя апошняга, на думку Яўгенія Юрлевіча, выканана не лепшым чынам.
Нягледзячы на неаднаразовыя спробы і шэраг існаваўшых варыянтаў, знайсці аб’ектам вартае выкарыстанне не атрымалася. Некаторы час будынак РММ служыў, у тым ліку, і базай прадпрыемства, якое аказвала жыхарам Ганчароў і блізкіх вёсак сельскагаспадарчыя, транспартныя паслугі. Не прыжылося, спробы рэанімаваць аказаліся безвыніковымі. Дарэчы, пра што таксама ўзгадвалася падчас нарады, тут мы не арыгіналы: з паўтара дзясятка запушчаных у свой час у Лунінецкім раёне падобных КУПаў не апраўдаў сябе ні адзін.
Але ж работа ў пошуках схем выкарыстання даных аб’ектаў працягваецца. А выдатны прыклад знаходзіцца ў прамым сэнсе непадалёку.
Размова аб колішняй сталоўцы былога племзавода «Ганчароўскі». Будынак таксама доўгі час не выкарыстоўваўся, губляў свой знешні і ўнутраны выгляд, функцыянальнасць. Пакуль у выніку аўкцыённых таргоў не набыў гаспадара. Здарылася тое прыкладна год таму, большую частку якога новы ўладальнік нерухомасці патраціў на рамонт, рэканструкцыю, устаноўку неабходнага абсталявання, атрыманне неабходных дазволаў. І вось некалькі ўжо месяцаў створанае на фондах былой саўгаснай сталоўкі прыватнае прадпрыемства дае прадукцыю. Як расказаў (а таксама паказаў працэс прыгатавання, даў пакаштаваць свае вырабы) гаспадар цэха: «Займаемся выпечкай і пастаўкай у гандаль каўказскага хлеба. Хачапуры, пуры, лаваш». Па словах Давіда, для каўказцаў лаваш, напрыклад, што для беларусаў бульба: можа быць дапаўненнем да іншай стравы, можа служыць у якасці самастойнага прадукту. Паколькі, як адзначалася, прысутнічае высокі попыт, то, трэба думаць, каўказскі хлеб прыйшоўся даспадобы і ляхавічанам.
Менш як тром сотням жыхароў Ганчароў свае паслугі прапануюць 4 гандлёвыя кропкі. Магазін райпо ў «старой» частцы вёскі, размешчаныя ў аддзяленні пошты і на АЗС, а таксама магазін індывідуальнага прадпрымальніка. Стоячы на ганку апошняга, адна з наведвальніц скардзілася на мядзведзіцкі магазін райпо. Маўляў, асартымент мізэрны, цэны на некаторы тавар высокія… Як і абяцаў старшыня райсавета дэпутатаў, заехалі, паглядзелі і прыйшлі да высновы: не гіпермаркет, канешне, але ўсё неабходнае і па рынкава адаптаваных, сярэднестатыстычных цэнах тут прапаноўвалася.

Машынны двор СВК "Тальмінавічы" адзін з лепшых у раёне

Аб’екты нерухомасці, якія ў розны час, але па прычынах у многім падобных былі выведзены з ужытку, ёсць і ў Куршынавічах аднайменнага сельсавета. Сваю, як расказваюць, былую прыгажосць дзіцячы сад страціў даўно, будынак працягвае прыходзіць у нягоднасць і зараз. Нягледзячы на, здавалася б, абнадзейваючы факт: некалькі часу таму ў яго з’явіўся гаспадар. Па сімвалічнай цане быў прададзены з надзеяй на нейкае наступнае ўладкаванне, выкарыстанне на карысць сабе і людзям. Пра што, на жаль, пакуль гаварыць не даводзіцца.
Варыянты «пазашкольнага» выкарыстання мясцовай школы таксама меліся і разглядаліся. Але канкрэтнага працягу знойдзена не было. Пакуль жа, каб усё было ў належным выглядзе, заставалася як і раней, наглядам за будынкам, яго абслугоўваннем на штатнай аснове займаюцца 4 чалавекі. Яшчэ пра Куршынавічы: кідаюцца ў вочы падцёкі ў даху СДК. Тэрмін на выпраўленне быў пастаўлены жорстка.
Машынна-трактарны парк СВК «Тальмінавічы», заўважыў Яўгеній Юрлевіч, калісьці быў ці не самым-самым у раёне. Што і ў які бок змянілася зараз, удзельнікі нарады маглі пабачыць асабіста, а тыя з іх, хто ў курсе сельскай тэмы, вызначыцца ў параўнанні.
Тальмінавіцкі магазін райпо з’яўляецца ў той зоне адным з лепшых. Наведалі ФАП, дзіцячы сад, дзе, як аказалася, ёсць і выхаванцы- ляхавічане. Вучні мясцовай СШ прэзентавалі гасцям хлеб-соль і адмысловую экалагічным ухілам сваю навучальную ўстанову.
«І Ганчароўскі, і Куршынавіцкі сельсаветы, аднесліся больш сур’ёзна да «Дня Савета», падрыхтаваліся лепш, чым іншыя, на тэрыторыях якіх праходзіла папярэдняя такая ж нарада», — словы кіраўніка райсавета дэпутатаў, думаецца, будуць лагічным завяршэннем падзеі мінулай пятніцы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *