Жыццё. Сэнс. Шчасце. У гарадскім Доме культуры віншавалі самых дарагіх, любімых, родных людзей у жыцці кожнага чалавека

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Мама. Гэтыя чатыры літары валодаюць неверагодна моцнай, невычэрпнай энергіяй. Той, што не падуладна адлегласцям, абставінам, часу. Матуліна любоў, падтрымка, вера заўсёды крочаць побач.
У мінулы панядзелак пяшчотных, ласкавых, шчырых усмешак у зале ГДК было проста безліч: матулі і бабулі з усяго раёна прымалі віншаванні. Колькі любві, слоў прызнання і ўдзячнасці той, што адкрыла свет, адрасавалі ў гэты святочны дзень.
Ад імя раённай улады жанчын віншаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Ён адзначыў, што жанчына-маці – захавальніца сямейнага ачага, а менавіта сямейныя каштоўнасці, закладзеныя з дзяцінства, у многім уплываюць на жыццё чалавека. Наша дзяржава падтрымлівае мацярынства, асаблівая ўвага – мнагадзетным маці. Пра гэта сведчаць і адрасная дапамога, і падтрымка пры будаўніцтве жылля, і іншыя льготы.
Шчырымі апладысментамі вітала зала начальніка аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання СК па Брэсцкай вобласці Людмілу Жалнерчык – маці траіх дзяцей, бабулю пецярых унукаў. Яна нагадала, што быць добрай маці – гэта адказнейшая штодзённая праца: нарадзіць, выхаваць, вырасціць здаровых шчаслівых дзетак. І пажадала галоўным дзеючым асобам гэтага дня, увогуле, галоўным людзям у жыцці кожнага, быць здаровымі і шчаслівымі.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.