Замест удзячнасці – абраза

Неэтычныя паводзіны пацыента сталі падставай для ўзбуджэння судовай справы

Каля гэтага аддзялення райбальніцы хочацца прайсці вельмі ціха, тут асаблівыя хворыя, чыё жыццё знаходзіцца пад пастаянным кантролем дарагога абсталявання і высокакваліфікаваных медыкаў. Хто хоць аднойчы трапіў у аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы ў якасці пацыента або хваляваўся за родных і блізкіх, якім там дапамагалі, напэўна, пацвердзяць: на варце жыцця, здароўя стаяць прафесіяналы. На жаль, не ўсе і не заўсёды паважаюць працу тых, хто, літаральна кажучы, выцягвае чалавека з абдымкаў смерці.
Гэтага маладога пацыента ў бальніцы ведаюць не толькі па прозвішчы і ў твар, але і па паводзінах. Ён стаіць на ўліку ў наркалагічным кабінеце з дыягназам сіндром залежнасці ад алкаголю, праходзіў лячэнне ў абласной псіханеўралагічнай бальніцы ў Крывошыне. У стане моцнага алкагольнага ап’янення яго неаднойчы прывозілі хуткая дапамога ці родныя. І кожны раз медыкі робяць усё магчымае і немагчымае, каб дапамагчы пацыенту справіцца з алкагольным атручваннем. У адказ – абразы, брыдкаслоўе, знявага, пагрозы ад «хворага» і яго родных.
Чарговае буйства маладога ляхавічаніна стала апошняй кропляй для медыкаў, якія звярнуліся ў РАУС з заявай на дэбашыра-пацыента.
Разглядаючы гэту справу, суд вынес рашэнне: за наўмыснае зняважанне гонару і годнасці асобы, якая знаходзілася пры выкананні службовых паўнамоцтваў, спагнаць з вінаватага штраф у памеры 20 базавых велічынь, – адзначае старшыня суда Ляхавіцкага раёна Наталля Буднік.
Суткі знаходжання пацыента ў рэанімацыйным аддзяленні абыходзяцца бюджэту ў 306 рублёў. Плюс разнастайныя даследаванні, аналізы (іх за дзень некалькі), УГД, кансультацыі вузкіх спецыялістаў. А хворыя з алкагольным сіндромам звычайна знаходзяцца тут 4-5 сутак. Няцяжка падлічыць, у якую суму выліваецца для дзяржавы тое, што для самога пацыента бясплатна, – гаворыць намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіл Куляшоў.
Дарэчы, не толькі ў гэтых  падраздзяленнях райбаль-ніцы медработнікам даводзіцца сустракацца з такім дзікунствам. У непрыемную сітуацыю трапляюць і супрацоўнікі брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Прыязджаючы па выкліках да пацыентаў на дом, даводзіцца ўціхамірваць і п’яніц, і не зусім адэкватных сваякоў хворых.
Канешне, прысутнічаюць унутраны дыскамфорт і пэўная насцярожанасць, калі прыязджаем на «алкагольныя» выклікі. Але ў любым выпадку мае калегі паспяшаюцца на дапамогу да любога чалавека, нягледзячы на яго статус, – удакладняе старшы фельчар аддзялення хуткай дапамогі Галіна Маневіч.

Такія паводзіны і ўчынкі – гэта дробнае  хуліганства, і адпаведна – адміністрацыйная адказнасць, што прадугледжвае пакаранне – штраф ці адміністрацыйны арышт. Калі абставіны больш цяжкія, то і ўвогуле вінаваты можа атрымаць да трох гадоў пазбаўлення волі, – адзначае начальнік Ляхавіцкага РАУС Андрэй Студзянічнік.

Ёсць яшчэ адзін важны аспект. Парушальнікі, аматары махаць кулакамі такімі дзеяннямі не толькі наносяць фізічную і маральную шкоду медработнікам, але і марнуюць час, які спецыяліст мог выкарыстаць, каб дапамагчы іншаму чалавеку, выратаваць жыццё.

Галіна КАНЬКО.