Кожнага перапішуць! У панядзелак перапісчыкі выйшлі па адрасах пражывання рэспандэнтаў

Перапісчык Кацярына Качанава.
Перапісчыкі Ірына Пішч і Алена Ракавец.

Апошні інструктаж – і яны разышліся па зада-дзеных маршрутах. На плячы – сумка з лагатыпам перапісу, у якой сярод іншага – абавязковы планшэт замест колішніх папяровых бланкаў. Кожны з 32 перапісчыкаў, што працуюць у нашым раёне, за дзень абыдзе не адзін дзясятак дамоў і кватэр. Да 30 кастрычніка яны дойдуць літаральна да кожнага, наведаюць нават самыя аддаленыя і маланаселеныя вёскі. Іх задача – вельмі адказная, графік – напружаны, а тое, наколькі паспяхова пройдзе перапіс, у многім залежыць ад кожнага з нас. Ветлівасць і разуменне важнасці агульнанацыянальнай кампаніі дапамогуць зрабіць патрэбную працэдуру хуткай і зручнай.
На працягу 15 дзён – з 4 па 18 кастрычніка – можна было скарыстацца магчымасцю самастойна адказаць на пытанні перапісной анкеты праз інтэрнэт. Як расказала начальнік аддзела статыстыкі раёна Вольга Вялічка, такі спосаб палічылі для сябе найбольш прымальным і 3020 жыхароў Ляхавіччыны – больш за 12 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Усяго ж па стане на 20 кастрычніка перапісаліся 14600 землякоў – амаль 60 працэнтаў жыхароў раёна. Іх, а таксама тых, хто гэтымі днямі пройдзе перапіс на стацыянарных участках, перапісчыкі непакоіць не будуць.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.