Кожны голас важны. 17 лістапада — выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. У Ляхавіцкім раёне на кожным з 29 участкаў для галасавання пройдуць канцэрты

17 лістапада – асноўны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Многія жыхары раёна скарысталіся магчымасцю аддаць свой голас датэрмінова. Лічу, пашанцавала рабятам з аграрнага каледжа. Тых, хто галасаваў упершыню, у адзін з дзён на Ляхавіцкім-Чкалаўскім участку павіншаваў асабіста кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі. На маю думку, юнаму пакаленню надзвычай важна далучацца да актыўнага ўдзелу ў дзяржаўных кампаніях, разумець, што ад свядомага выбару кожнага чалавека, у тым ліку маладога, залежыць многае. І такую актыўнасць абавязкова трэба падтрымліваць, заахвочваць.

У нашай краіне ёсць цудоўная традыцыя – у дзень выбараў ствараць па-сапраўднаму святочную атмасферу. І ў нядзелю  ў Ляхавіцкім раёне на кожным з 29 участкаў для галасавання пройдуць канцэрты. Перад землякамі выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці са сваімі лепшымі нумарамі. Не застануцца без увагі і пацыенты райбальніцы: на Ляхавіцкі-Бальнічны ўчастак самадзейныя артысты завітаюць 17 лістапада ў 13 гадзін.
Паўсюдна будзе арганізаваны гандаль: дзесьці выязны, а ў многіх месцах свае паслугі прапануюць тутэйшыя гандлёвыя кропкі рознай формы ўласнасці. Дзе няма магазінаў – даедзе аўталаўка.
Словам, робіцца ўсё, каб у выхадны людзі не проста прыйшлі выканаць свой грамадзянскі абавязак, а зрабілі гэта з добрым настроем і жаданнем.
Прыемна, што падчас усіх выбарчых кампаній жыхары Ляхавіччыны заўсёды праяўляюць актыўнасць і свядомасць. Спадзяёмся, што так будзе і падчас гэтых выбараў. Раённая ўлада заклікае кожнага выбаршчыка абавязкова прыйсці на ўчастак, каб даверыць права прадстаўляць свой раён у Парламенце чалавеку, якому будуць блізкія нашы клопаты.

Святлана ЮРЛЕВІЧ, намеснік старшыні  райвыканкама.