У цяні разгалістай …катальпы. У Ляхавічах у мінулую суботу садзілі дрэвы

Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, у суботу ў гарадскім парку было цёпла ад непадробных дзіцячых эмоцый, добрых спраў, плады якіх у хуткім часе будуць радаваць ляхавічан і гасцей горада.

За апошні год гарадскі парк па вуліцы Дзесюкевіча станоўча перамяніўся: нядаўна з’явілася стыльная арка над уваходам, для хлопчыкаў і дзяўчынак усталявалі новыя арэлі, выкладзены пліткай дарожкі, зручныя лавачкі.
У мінулую суботу тут прайшла акцыя па азеляненні «Усё залежыць ад нас саміх», прымеркаваная да Года малой радзімы. У ёй прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, службаў і арганізацый Ляхавіччыны, бээрэсэмаўцы.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі адзначыў, што работы, якія былі праведзены ў парку, – толькі частка таго, што запланавана. З часам зменіцца і выгляд танцпляцоўкі.
У гэты дзень у парку з’явілася каля паўсотні новых «жыхароў»: гінкга білоба, катальпа, альбіцыя, бабоўнік, чырвоны клён…
Унеслі сваю лепту ў азеляненне парку і супрацоўнікі РАНС.
– Заўсёды прыемна прымаць удзел у падобных акцыях. Немагчыма не заўважыць змены, якія адбыліся не толькі ў парку, але і ў райцэнтры. Спадзяюся, пасаджаныя намі дрэвы стануць не проста ўпрыгожаннем парку, а напамінам пра тое, што ў жыцці заўсёды ёсць месца добрым учынкам, – гаворыць начальнік РАНС Дзмітрый Чопка.
Паўдзельнічаць у акцыі прыйшлі і школьнікі, для якіх была арганізавана забаўляльная праграма. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі паўдзельнічаць у квэст-гульні. Самых маленькіх забаўлялі аніматары: танцавалі, праводзілі конкурсы.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.БОЛЬШ ФОТА ТУТ