ПРЫВІТАННЕ, СОНЦА

Прывітанне, Маё Сонца.

Я не ведаю, колькі табе гадоў і як тваё імя. Але ты тут — чытаеш мае радкі. І гэта значыць, што мы з табою ў нечым падобныя. У нечым вельмі істотным.

Акурат пра гэта істотнае я збіраюся пісаць у сваім блогу. Хаця не – не пісаць. Я хачу дзяліцца з табой тым, што ведаю з уласнага досведу. Тым, што знайшла і яшчэ знайду, перамерваючы кіламетры бачных і нябачных дарог. Пражываць разам і абмяркоўваць гэта з табою, як з сябрам.

Не цытатамі з разумных кніжак. Не на мове статыстыкі і кацылярызмаў.

Я хачу размаўляць з табой  праз словы і гукі сэрца. Пад водар кветак і кавы. Ты ж любіш каву? Думаю, што так. А калі не – столькі бяды. Проста налівай у кубачак тое, што стварае для цябе атмасферу асаблівай цеплыні і ўтульнасці, і далучайся.

Хай месца нашых сустрэч будзе падобнае да невялічкай кавярні на рагу вуліцы. Кшталту тых, што прывабліваюць людзей з розных куткоў зямлі ў Парыжы. Пытаеш, чаму менавіта Парыж? Абавязкова распавяду. Магчыма, ужо ў наступным допісе. А пакуль яшчэ колькі слоў пра гэты блог і  наша з табой істотнае.

Што з’яўляецца самым галоўным і важным для чалавека? Што ёсць яго самы вялікі скарб на зямлі? На мой погляд – Жыццё. Гэта тое самае дрэва, на якім узнікаюць, растуць і квітнеюць усе астатнія каштоўнасці –агульначалавечыя і асабістыя.

Ты вольны не пагаджацца са мной, але мае будні і святы даводзяць – усё, што мы маем і можам стварыць, пачынаецца з таго, што мы жывём.Сярод жывых людзей. У неабсяжна жывым свеце.

І таму ўсё, што тычыцца жыцця, любога з яго бакоў, –істотнае. Як у чымсьці вялікім, так і ў дробязях. І гаварыць пра гэта за кубачкам кавы мае асаблівы сэнс. Бо акурат у цеснай знітаванасці з жыццём іёсць наша з табой падабенства.

Нам могуць падабацца розныя рэчы. Мы можам мець розныя погляды на свет, месца і ролю ў ім чалавека. Мы можам жыць у розных населеных пунктах, любіць розныя кветкі і гатункі кавы. Але ёсць тое, што нас яднае перш, чым сям’я, радзіма, гісторыя, мова, культура.

Жыццё. Ва ўсіх яго размаітых праявах.

Калі табе гэта важна. Калі табе гэта трэба. Калі ты дачытаў да гэтых радкоў.

Бяры кубачак і прыходзь да мяне на каву.

Проста, па-сяброўску.

Сюды. У кавярню, аналагаў якой пакуль не існуе.

Я буду чакаць.

Галіна Зыранава.